Віцебскія ратавальнікі навучаюць педагогаў медыцыне экстрэмальных сітуацый
На базе пажарна-аварыйна-выратавальнага атрада "Віцязь" Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС прайшлі першыя заняткі па факультатыўным курсе "Медыцына экстрэмальных сітуацый" у сістэме агульнай сярэдняй адукацыі для работнікаў аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Першамайскага раёна Віцебска. Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў абласным упраўленні МНС, ініцыятарамі такога навучання выступілі самі педагогі.
Занятак адбыўся ў канцы мінулага тыдня. У праграму курса, якую падрыхтавалі спецыялісты "Віцязя", увайшоў тэарэтычны блок пытанняў: працэдура прыёмкі заяў аб дапамозе насельніцтву; класіфікацыя надзвычайных сітуацый і медыцына катастроф; асновы аказання экстраннай медыцынскай дапамогі і прынцыпы яе арганізацыі ў надзвычайных сітуацыях; асаблівасці аказання першай дапамогі пацярпелым пры пажарах, выбухах, абвальваннях будынкаў, на месцы дарожна-транспартнага здарэння, пры стыхійных бедствах; медыцынская сарціроўка і эвакуацыя. Таксама тэарэтычны блок уключаў прапрацоўку рэкамендацый непасрэдна для работнікаў сістэмы адукацыі.
Акрамя таго, педагогі набылі практычныя навыкі па дзеяннях ва ўмовах надзвычайнай сітуацыі, азнаёміліся з мультымедыйным матэрыялам медыцынскай службы ПАСА "Віцязь", а таксама з правіламі аказання першай дапамогі, правядзеннем штучнай вентыляцыі лёгкіх, непрамога масажу сэрца.
Першая група засталася задаволена пройдзеным курсам. У далейшым плануецца працягнуць гэту практыку і распаўсюдзіць яе на сістэму адукацыі ўсяго Віцебска, а ў перспектыве, магчыма, і вобласці, падкрэслілі ва ўпраўленні МНС.
Кацярына Князева