Віцебскія ратавальнікі другі год запар сталі найлепшымі на чэмпіянаце МНС па лыжных гонках

28 студзеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Марознае надвор'е не перашкодзіла камандзе Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС заваяваць першае агульнакаманднае месца на чэмпіянаце МНС па лыжных гонках, які завяршыўся сёння ў Віцебску, пацвердзіўшы званне наймацнейшай зборнай міністэрства другі год запар. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў намеснік начальніка абласнога ўпраўлення Аляксандр Ярмош. У камандным заліку сярэбраным прызёрам першынства стала каманда Інстытута перанавучання і павышэння кваліфікацыі МНС, трэцяе месца за зборнай Мінскага абласнога ўпраўлення. Спартсмены ІППК і Віцебскай вобласці ў індывідуальных гонках практычна не пакінулі шанцаў прадстаўнікам іншых каманд, заваяваўшы ў выніку 12 з 15 узнагарод. Так, Аляксандр Іаненкаў (ІППК) стаў наймацнейшым у спрынце (дыстанцыя 1,2 км) і гонцы на 7,5 км, па дзве ўзнагароды таксама ў скарбонцы Уладзіслава Радчанкі (Віцебская вобласць) і Сяргея Дашкевіча (ІППК). Сярод жанчын у гонцы на 2,5 км перамогу святкавала Вольга Грынь (ІППК), другое месца ў віцяблянкі Таццяны Івоні, трэці вынік паказала Алена Радзькова (Магілёўская вобласць). Эстафету 4 па 5 км хутчэй за ўсіх пераадолела каманда ІППК, другое і трэцяе месцы падзялілі адпаведна каманды Віцебскай і Мінскай абласцей. Яшчэ адзін камплект узнагарод быў разыграны ў індывідуальнай гонцы на 5 км старэйшай узроставай групы (старэйшыя за 40 гадоў), у якой перамог віцяблянін Юрый Смык, другім стаў Уладзімір Лухверчык (Мінскае гарадское ўпраўленне), трэці вынік на рахунку Фаата Абдрафікава (ІППК). Усталяванае марознае надвор'е фактычна не паўплывала на ўзровень вынікаў, прадэманстраваных спартсменамі, адзначыў Аляксандр Ярмош. Арганізатарам давялося толькі адзін раз уносіць карэкцівы з-за нізкай тэмпературы - дыстанцыя індывідуальнай мужчынскай гонкі на 10 км была скарочана да 7,5 км. Усяго ў чэмпіянаце прынялі ўдзел больш за 100 спартсменаў у складзе 11 каманд, якія прадстаўлялі ўсе абласныя ўпраўленні, рэспубліканскія падраздзяленні і навучальныя ўстановы міністэрства. Па выніках першынства сфарміравана зборная МНС для ўдзелу ў чэмпіянаце БФСТ "Дынама" па лыжных гонках, які пройдзе ў лютым таксама ў Віцебскай вобласці.-0-