Віцебскія ратавальнікі выцягнулі з палаючай кватэры двух чалавек

2 сакавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебскія ратавальнікі выцягнулі з палаючай кватэры двух чалавек, яшчэ больш за 10 жыльцоў, у тым ліку малалетнія дзеці, былі эвакуіраваны пры пажары ў дзевяціпавярховым жылым доме па вуліцы Чкалава ў абласным цэнтры. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла прэс-сакратар абласнога ўпраўлення МНС Марына Фандо. Паведамленне аб пажары паступіла адразу ад некалькіх жыльцоў дома: полымя ўжо выбівалася з акна кухні ў кватэры на другім паверсе. Ратавальнікі праніклі да эпіцэнтра гарэння праз аконны праём аднаго з пакояў, дзе выявілі гаспадара кватэры ў непрытомным стане. Мужчына 1959 года нараджэння быў дастаўлены ў абласную клінічную бальніцу з атручваннем угарным газам. Каля ўваходных дзвярэй знойдзена яго жонка, 1959 года нараджэння, якая шпіталізавана з апёкамі II і III ступені (каля 80%). Паралельна ратавальнікам давялося эвакуіраваць жыльцоў дома, бо дым запоўніў лесвічную клетку аж да 9-га паверха. Сярод эвакуяваных былі двое малалетніх дзяцей, аднаму з іх не споўнілася і года. Малыш накіраваны ў дзіцячую абласную бальніцу для прафілактычнага агляду. У выніку здарэння цалкам выгарэла мэбля ў адным з пакояў, маёмасць у астатніх памяшканнях кватэры падгарэла і прыйшла ў непрыдатнасць. Сярод рэчаў у пакоях была вялікая колькасць бутэлек з-пад спіртнога, у тым ліку недапітыя ёмістасці з віном. Папярэдняй прычынай пажару разглядаецца неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні пацярпелых. Тыдзень таму ратавальнікі ўжо выязджалі па гэтым адрасе: тады ў гэтай кватэры ўзгаранне здарылася з-за пакінутай без нагляду ежы на пліце.-0-