Віцебскія спартсмены Уладзіслаў Ганчароў і Алег Ряўцаў занялі першае месца ў сінхронных скачках на батуце на этапе Кубка свету
Віцебскія спартсмены Уладзіслаў Ганчароў і Алег Ряўцаў заваявалі залаты медаль у сінхронных скачках на батуце на хатнім этапе Кубка свету, які праходзіў у «Мінск-Арэне».
Суддзі ацанілі выступленне беларусаў у 52,700 ачка. На другую прыступку п'едэстала гонару падымаліся прадстаўнікі Францыі (50,640 бала), бронзавым медалём адзначыліся спартсмены з Казахстана (50,560 ачка).
Для беларускай каманды – гэта трэці медаль спаборніцтваў. Раней залаты медаль у сінхронных скачках заваявалі Марыя Махарынская і Ганна Ганчарова. На трэцюю прыступку п'едэстала гонару падымаўся Уладзіслаў Ганчароў у індывідуальных скачках.
Кубак свету ў «Мінск-Арэне» стаў тэставым турнірам перад II Еўрапейскімі гульнямі. У спаборніцтвах прынялі ўдзел 170 спартсменаў больш чым з 30 краін. На II Еўрапейскіх гульнях 48 наймацнейшых батутыстаў 24-25 чэрвеня разыграюць чатыры камплекты ўзнагарод.