Віцебскія стаматолагі першымі ў рэспубліцы пачалі ўжываць новую сістэму антыбактэрыяльнай тэрапіі

У Віцебскай абласной стаматалагічнай паліклініцы пачалі ўжываць тэст-сістэмы «БіяЛактам» — экспрэс-тэсты на аснове спектрафатаметрыі.

Яны выкарыстоўваюцца для таго, каб першапачаткова абгрунтавана выбіраць неабходны для лячэння пацыента антыбіётык. Ці, у выпадку адсутнасці эфекту ад антыбактэрыяльнай тэрапіі, высветліць прычыну і змяніць тактыку лячэння. Гэтая мера дазволіць вырашаць важную і вельмі актуальную на сёння праблему рэзістэнтнасці (устойлівасці) мікраарганізмаў да антыбіётыкаў.

З узростам у поласці рота развіваецца паражэнне тканак перыядонта, якое прыводзіць да заўчаснай страты зубоў, іх рухомасці, гноецёку ў дзясневых кішэнях. Поспех лячэння магчымы толькі пры дакладным веданні мікрафлоры ротавай вадкасці поласці рота і падборы антыбіётыкаў.

Як распавёў галоўны ўрач паліклінікі Васіль Варганаў, вынік аналізу, зробленага з ужываннем тэст-сістэмы «БіяЛактам», будзе гатовы на працягу сутак. І па яго выніках урач прызначыць менавіта той прэпарат, які будзе біць дакладна ў мэту.

Перад укараненнем навінкі для ўрачоў-стаматолагаў была арганізавана вучоба па правілах забору ротавай вадкасці, транспарціроўцы матэрыялу, методыцы вызначэння адчувальнасці. Яе правялі аўтары распрацоўкі — вучоныя кафедры інфекцыйных хвароб Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам прафесара В.Сямёнава з удзелам дацэнта кафедры агульнай стаматалогіі з курсам артапедычнай стаматалогіі І.Карпука.

Адзначым, што гэты перспектыўны метад дыягностыкі і лячэння стаматалагічных захворванняў ужыты спецыялістамі Віцебскай абласной стаматалагічнай паліклінікі ўпершыню ў Рэспубліцы Беларусь.

Вера МУРАШКІНА, «Віцьбічы».