Віцебскія студэнты пабываюць у ролі бежанцаў
19 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) сумесна з Прадстаўніцтвам Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў у Рэспубліцы Беларусь (УВКБ ААН) 22-23 мая правядзе ролевую гульню "У бегах" па вывучэнні праблем бежанцаў. Яна пройдзе на базе Альгоўскай сярэдняй школы (Віцебскі раён), паведаміла карэспандэнту БЕЛТА галоўны спецыяліст БТЧК па сувязях са СМІ і грамадскасцю Ірына Каранчук.
У гульні прымуць удзел студэнты факультэта сацыяльнай педагогікі і псіхалогіі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. П.М.Машэрава, а таксама валанцёры БТЧК. Па пытаннях заканадаўства і права іх будуць кансультаваць супрацоўнікі ўпраўлення па грамадзянстве і міграцыі Віцебскага аблвыканкама і Акадэміі МУС Беларусі.
"Гульня мае вялікае значэнне ў выхаванні моладзі ў духу гуманнасці і міласэрнасці, - падкрэсліла намеснік генеральнага сакратара БТЧК Іна Лемешаўская. - Удзельнікі гульні адчуюць на сабе праблемы бежанцаў і рэаліі жыцця гэтых абяздоленых і пазбаўленых правоў людзей. Яны даведаюцца, як дапамагчы ім не зламацца фізічна і духоўна, здабыць веру ў чалавека і надзею на нармальнае жыццё".
Ідэя 24-гадзіннай ролевай гульні запазычана ў Дацкага Чырвонага Крыжа. Арганізатары гульні ў Беларусі падрыхтавалі для ўдзельнікаў уводны трэнінг-прэзентацыю аб умовах і асаблівасцях гульні. Яны пастараюцца стварыць атмасферу, пры якой 55 удзельнікаў змогуць максімальна пагрузіцца ў абстаноўку перасялення з адной краіны ў другую. Маладыя людзі сутыкнуцца са складанасцямі, якія ім як бежанцам трэба будзе пераадолець для далейшай інтэграцыі на тэрыторыі Беларусі.
Падтрымку БТЧК у арганізацыі і правядзенні гульні аказалі УВКБ ААН, Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, Дацкі Чырвоны Крыж.
Добраахвотнае рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа" - няўрадавая аб'яднанне, якое мае унікальны статус, які забяспечваецца нацыянальным заканадаўствам. БТЧК як самастойна, так і ва ўзаемадзеянні з дзяржаўнымі органамі рэалізуе мерапрыемствы па ахове жыцця і здароўя насельніцтва, аказанні медыка-сацыяльнай дапамогі, рэагаванні на надзвычайныя сітуацыі і ўзброеныя канфлікты.-0-