Віцебскія студэнты стварылі ўнікальнага робата для абмену паведамленнямі

Витебские студенты создали уникального робота для обмена сообщениями

Віцебскія студэнты-праграмісты стварылі робатаў для рукапіснага абмену паведамленнямі і сталі пераможцамі 44-гадзіннага рэспубліканскага хакатона «What The Hack 2.0» для спецыялістаў з розных абласцей распрацоўкі праграмнага забеспячэння (праграмістаў, дызайнераў, менеджараў), які праходзіў у Мінску.

Першапачаткова хакатон – гэта хакерскі марафон, аднак з цягам часу вузкая накіраванасць такога кшталту праграмісцкіх форумаў знікла. Цяпер у рамках такіх мерапрыемстваў удзельнікі распрацоўваюць альбо стартапы з камерцыйным складнікам, альбо забаўляльныя праекты. Да апошніх якраз і адносіцца «What The Hack 2.0». Віталь Садоўскі і Аляксей Караткевіч вучацца на 4-м курсе матэматычнага факультэта ВДУ імя П. Машэрава, паралельна паспяваюць працаваць у IT-сферы – пішуць камерцыйны софт (праграмнае забеспячэнне для камп'ютараў, смартфонаў і іншых гаджэтаў), а яшчэ пастаянна ўдасканальваюцца ў будучай прафесіі, удзельнічаюць у розных спецыялізаваных конкурсах і праектах. Мінулай восенню хлопцы ўжо працавалі разам на адным з хакатонаў. Тады галоўнай мэтай было прадставіць прадукт, здольны ў наступным максімальна прыносіць прыбытак, але яны зрабілі нямала памылак і не змаглі скласці дастатковую манетызацыю распрацоўкі. Хоць вопыт спатрэбіўся ў будучыні.

У Мінск на «What The Hack 2.0.» хлопцы паехалі паказаць сябе і крыху пацешыцца, бо цягам 44 гадзін мабільныя і вэб-распрацоўшчыкі, іншыя дэвелаперы рознага ўзроўню ведаў, спецыялізацыі, узросту, полу і поглядаў працавалі над праектамі на свой густ, у тым ліку і, як самі выказваюцца, «for fun» — дзеля забавы. Мерапрыемства было арганізавана і для набыцця новых ведаў і наладжвання знаёмстваў сярод спецыялістаў сферы, а таксама для развіцця і прасоўвання беларускага IT як крэатыўнага брэнда. Па выніках хакатона з'явіліся розныя робаты і праграмы. Да прыкладу, антыкрызісны матыватар, асноўная задача якога – выхаваць уладальніка, спальваючы ў якасці пакарання за невыкананне дысцыпліны яго грошы, якія знаходзяцца ў спецыяльным адсеку. Калі вы хочаце перастаць лаяцца, сістэма рэагуе на пэўныя словы. Можна запраграмаваць і на прафілактыку прагулаў на працы ці вучобе, тады яна будзе сачыць за вашым месцазнаходжаннем у пэўны час. Але лепшай, на думку гледачоў і экспертнага журы, стала праца віцебскіх праграмістаў. Віталь і Аляксей разам са сваёй камандай стварылі «Plot Chat» – робаты для рукапіснага абмену паведамленнямі праз Інтэрнэт. Прынцып яго дзеяння: адзін са суразмоўцаў набірае на сваім камп'ютары пасланне, а іншаму ўдзельніку чата тэкст піша маркерам на паперы спецыяльны робоманипулятор.

– Пра сваю перамогу мы даведаліся ўжо па дарозе дадому. Узнагароджанне крыху зацягнулася, а квіткі былі куплены загадзя. Не дачакаўшыся сваіх імёнаў сярод прызёраў, вырашылі, што не трапілі ў іх лік, і з'ехалі, папрасіўшы пасля перадаць нам суцяшальны сувенір. Калі мы ўжо былі ў вагоне, патэлефанавалі мінскія сябры і паведамілі, што наш праект прызнаны лепшым, – распавядае Віталь.

За сваё вынаходства хлопцы атрымалі прыз – новага робата «Lego Mind Storm», якога можна самастойна запраграмаваць пад любыя патрэбы, і шмат розных IT-падарункаў і «прыбамбасаў».

Наталля Камлёва, "Віцебскія весці"