Віцебскія мытнікі спынілі кантрабанду мастацкіх каштоўнасцей на Br360 млн

Віцебскія мытнікі спынілі кантрабанду мастацкіх каштоўнасцей амаль на Br360 млн, паведамілі БЕЛТА у Віцебскай мытні.

Супрацоўнікі аператыўна-пошукавага аддзела Віцебскай мытні затрымалі пры ўездзе на тэрыторыю Беларусі аўтамабіль "Вольва", які рухаўся ў Расію з грузам, што па дакументах значыўся як "антыкварыят у асартыменце". Падчас дагляду ў аўто былі выяўлены прадметы, не заяўленыя ў таварасуправаджальных дакументах, у тым ліку карціны сучаснага мастака расійскага паходжання В.Харашылава "Арфей" і "Арфей і Эўрыка", выкананыя для заказчыка ў Парыжы. Таксама кантрабандай перавозіліся прадметы мэблі і яе часткі, свяцільні і г.д. Агульны кошт затрыманага грузу складае каля Br359,4 млн.

"Па заключэнні экспертаў абласнога краязнаўчага музея, затрыманыя прадметы ўяўляюць мастацкую, культурную і гістарычную каштоўнасць. Установа культуры хадайнічала перад мытняй аб перадачы некаторых прадметаў у фонды музея", - паведамілі ў мытні. Канчатковае рашэнне аб далейшым лёсе каштоўнасцей прыме суд, куды і накіраваны матэрыялы справы.