Віцебскія мытнікі затрымалі аўтамабіль з 60 кг гашышу
У пункце пропуску "Бігасава-1" Віцебскай мытні затрыманы Cadillac GMT265 з тайніком, у якім было каля 60 кг гашышу. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Дзяржаўнага мытнага камітэта.
Легкавы аўтамабіль Cadillac GMT265 пад кіраваннем грамадзяніна Эстоніі прыбыў 5 лютага ў пункт пропуску "Бігасава-1". У ходзе мытнага дагляду супрацоўнікамі аддзела па барацьбе з кантрабандай і адміністрацыйнымі мытнымі правапарушэннямі, кіналагічнай службы з выкарыстаннем службовых сабак было выяўлена, што ў днішчы машыны меўся тайнік з наркатычным рэчывам, дапушчальна гашышам, у колькасці каля 60 кг.
Рэчыва канфіскавана і накіравана на экспертызу. Віцебскай мытняй узбуджана крымінальная справа.