Віцебскія тэлевізійнікі заваявалі «ТЭФІ»

Штотыднёвая інфармацыйна-аналітычная праграма «7 Дзён» тэлерадыёкампаніі «Віцебск» заваявала прэстыжную ўзнагароду на міжнародным тэлевізійным фестывалі «ТЭФІ-Садружнасць» у Арменіі.


Як распавяла дырэктар ТРК «Віцебск» Алена Панцюхова на маштабным форуме, тэма якога «Навіны – наша прафесія», былі прадстаўлены медыяпрадукты тэлерадыёкампаній Арменіі, Малдовы, Расіі, Казахстана, Кыргызстана, Узбекістана, Грузіі, Украіны, Туркменістана, Латвіі і  ўсіх рэгіёнаў Беларусі.

На працягу некалькіх дзён віцебскія телевізійнікі ўдзельнічалі ў майстар-класах, трэнінгах, прэзентацыях і «круглых столах», дзяліліся сваім і пераймалі вопыт калег. У фінальны дзень фестывалю былі падведзены вынікі творчага спаборніцтва. Экспертны савет, у склад якога ўвайшлі члены Акадэміі расійскага тэлебачання, вядомыя тэлевізійныя дзеячы – вядучая Арына Шарапава і шэф блізкаўсходняга бюро ВГТРК Сяргей Пашкоў, узнагародзіў лепшых журналістаў крыштальнымі талеркамі «ТЭФІ-Садружнасць».

Прэстыжная ўзнагарода дасталася і нашым калегам з аддзела падрыхтоўкі ТВ-праграм ТРК «Віцебск», якія працуюць над стварэннем «7 Дзён». 
– Прыемна, што высокую ацэнку журы атрымаў менавіта гэты праект. Яму ўсяго два гады (столькі ж, колькі і тэлеканалу «Віцебск»), але праграма ўжо паспела палюбіцца гледачам, а цяпер мы атрымалі прызнанне і сярод калег, – адзначыла Алена Валяр'янаўна.

Наталля Камлёва, «Віцебскія весці».