Віцебскія навукоўцы атрымліваюць доступ да перадавога еўрапейскага вопыту дзякуючы праграме ЕС "Гарызонт 2020"

Віцебскія навукоўцы дзякуючы рамачнай праграме ЕС "Гарызонт 2020" атрымліваюць доступ да перадавога еўрапейскага вопыту. Такім меркаваннем падзяліўся дырэктар віцебскага Інстытута тэхнічнай акустыкі НАН Беларусі Васіль Рубанік.

"Удзел нашага інстытута ў праграме "Гарызонт 2020" дае нам магчымасць стажыравацца за еўрапейскія грошы. Сёлета ўжо пяць нашых супрацоўнікаў, у тым ліку моладзь, змаглі папрацаваць на сучасным еўрапейскім абсталяванні нароўні з дасведчанымі навукоўцамі. Гэта значыць, што маладыя навукоўцы атрымліваюць доступ да перадавога сусветнага вопыту. Прычым, дзякуючы такому абмену мы можам сумесна з замежнымі калегамі паралельна працаваць над рознымі тэмамі, не толькі па гэтым праекце, і публікавацца ў высокарэйтынгавых навуковых часопісах свету. Дзякуючы гэтаму пра нас даведаюцца ў Еўропе", - адзначыў Васіль Рубанік.

Віцебскі Інстытут тэхнічнай акустыкі НАН Беларусі з'яўляецца ўдзельнікам аднаго з праектаў рамачнай праграмы Еўрапейскага саюза "Гарызонт 2020", а менавіта - "Наладжвальныя мультыфераікі на аснове кіслародна-актаэдрычных структур" (TUMOC). У праекце ўдзельнічаюць 10 арганізацый з Партугаліі, Германіі, Украіны, Беларусі, Літвы і Вялікабрытаніі. Іх рабочая сустрэча адбылася ў Віцебску.

Як растлумачыў кіраўнік праекта, доктар з Універсітэта Авейра (Партугалія) Андрэй Салак, работы накіраваны на мадыфікацыю працэсу стварэння матэрыялу, які мог бы стаць універсальным сенсорам. Кожны з удзельнікаў заняты на асобным этапе па сваёй спецыялізацыі. У прыватнасці, віцебскія навукоўцы актывізуюць новыя ўласцівасці матэрыялу з дапамогай ультрагукавых тэхналогій. Такая аснова можа выкарыстоўвацца, напрыклад, у вырабе датчыкаў бяспекі, якія рэагуюць на розныя змены тэмпературы, вільготнасці, ціску, гуку і г.д. Акрамя таго, канчатковы прадукт распрацоўкі можа выкарыстоўвацца ў медыцыне, у побыце. Асноўная мэта ўдзельнікаў праекта - рэалізацыя праграмы мабільнасці RISE (Research and Innovation Staff Exchange - Даследчы і інавацыйны абмен кадрамі). Гэта абмен вопытам навуковых даследаванняў, які накіраваны на стварэнне навукова-тэхналагічнай

асновы для працягу фарміравання адзінай еўрапейскай навуковай прасторы і прасоўвання навуковых распрацовак розных краін на рынак ЕС.

"Свет зараз настолькі дынамічны. Складна стварыць нешта новае аднаму, а ў камандзе можна знайсці аптымальныя рашэнні канкрэтных практычных навуковых задач і зрабіць фундаментальныя адкрыцці", - заключыў Васіль Рубанік. "Гарызонт 2020" (Horizon 2020) - рамачная праграма Еўрапейскага саюза па навуковых даследаваннях і інавацыях на 2014-2020 гады, якая прыйшла на змену 7-й рамачнай праграме (закончылася ў 2013 годзе). Бюджэт праграмы складае каля 80 млрд еўра і робіць яе найбуйнейшай за ўсю гісторыю Еўрасаюза праграмай падтрымкі навукі і інавацый і адной з самых дарагіх праграм дзяржаўнай падтрымкі навукі ў свеце. У гэты раз асаблівая увага надаецца камерцыялізацыі вынікаў навукова-даследчых праектаў - бесперапыннай падтрымцы распрацовак ад ідэі да рынку.

Кацярына Князева - БелТА.