Віцебскія настаўнікі будуць развіваць педагагічны турызм

10 лістапада, Глыбоцкі раён /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Педагагічны турызм маюць намер развіваць у Віцебскай вобласці. Настаўнікі з Санкт-Пецярбурга прапанавалі Віцебскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту стаць арганізатарам падобных тураў для расійскіх педагогаў. Пра гэта паведаміў сёння журналістам старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец. Ён прымаў удзел у рабочай нарадзе па будаўніцтве аздараўленча-турыстычнага комплексу "Плісы" у Глыбоцкім раёне, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Педагогі з расійскай паўночнай сталіцы былі ўдзельнікамі адной з навуковых канферэнцый, якія праводзіў віцебскі ВНУ, і пазнаёміліся з работай навучальных устаноў вобласці. Па словах Аляксандра Косінца, незгладжальнае ўражанне на гасцей зрабілі як арганізацыя навучальнага працэсу, сістэма школьнай і пазашкольнай работы з дзецьмі, так і тэхнічнае аснашчэнне саміх школ. У выніку гэтых вытворчых экскурсій і нарадзілася прапанова аб арганізацыі педагагічных тураў з наведваннем навучальных устаноў і знаёмствам з мясцовымі славутасцямі Віцебшчыны. Начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА распавёў, што вопыт віцебскіх педагогаў цікавіць не толькі пецярбургскіх настаўнікаў. Частымі гасцямі ў школах вобласці бываюць педагогі з Масквы, Казані, Смаленска. Універсітэт і ўпраўленне ўжо прыступілі да распрацоўкі праекта па арганізацыі педагагічных тураў.-0-