Віцебскія хлебапёкі маюць намер прыгатаваць каля 25 т велікоднай прадукцыі
Віцебскія хлебапёкі ў перадсвяточныя дні гатовы паставіць у гандлёвую сетку каля 25 т велікоднай прадукцыі, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА галоўны тэхнолаг ААТ "Віцебскхлебпрам" Вольга Паўлючэнка.
У печах прадпрыемства ўжо з серады выпякаюцца велікодныя кулічы, святочныя кексы і здоба (усяго 9 найменняў прадукцыі). Прадпрыемства аператыўна выконвае заяўку гандлю - першыя партыі кулічоў былі выпечаны яшчэ ў сераду, а самыя вялікія замесы хлебапёкі падрыхтавалі сёння, каб максімальна насыціць гандлёвую сетку ў пятніцу ўвечары і ў суботу. Велікодную выпечку жыхары абласнога цэнтра змогуць набыць у фірмовай гандлёвай сетцы і крамах горада. Акрамя таго, прадпрыемства арганізуе выязны гандаль на велікодных кірмашах.
Духмяная прадукцыя рыхтуецца па традыцыйных рэцэптах з даданнем разынак і курагі. Выпечка ўпрыгожваецца малочнай і шакаладнай глазурай, рознымі пасыпкамі і інш. Цэнавая палітра вар'іруецца ад Br12,5 тыс. да Br27 тыс.
"Велікодную выпечку мы рыхтуем ужо на працягу многіх гадоў. Улічваючы пакупніцкі попыт, пакінулі толькі самыя запатрабаваныя віды прадукцыі. Спадзяемся, што нашы кулічы апраўдаюць чаканні гараджан і ў кожнага на стале будуць духмяныя кулічы і булкі", - сказала Вольга Паўлючэнка.
Алена Ціханава