Віцебскія мастакі на Страсным тыдні прыступілі да роспісу храма ў гонар Уваскрасення Хрыстовага

13 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Мастакі Віцебскай епархіі на Страсным тыдні прыступілі да ўнутранага роспісу адноўленай Свята-Уваскрасенскай царквы ў Віцебску, паведаміў сёння карэспандэнту БЕЛТА настаяцель храма протаіерэй айцец Канстанцін (Ізафатаў). На думку святара, сімвалічна, што напярэдадні свята Вялікадня ў царкве, прысвечанай Уваскрасенню Хрыста, пачалася аздабленне ўнутранага благалепя - завяршальны этап адраджэння храма. Уваскрасенская царква была ўзведзена ў 1772 годзе ў традыцыях позняга барока. Вытанчанасць форм і ліній, багаты дэкор фасадаў будынка аказвалі незгладжальнае ўражанне на прыхаджан. Да таго ж архітэктару, імя якога засталося невядомым, удалося такім чынам размясціць царкву, што яна арганічна ўпісалася на невялікім участку зямлі на вуглу скрыжавання дзвюх вуліц. Уваскрасенскі храм быў адным з галоўных упрыгожанняў гістарычнай часткі Віцебска, але ў 1936 годзе яго разбурылі. Аднаўленне царквы пачалося ў 2000 годзе па захаваных малюнках і фотаздымках. Унутранае ўбранне царквы не будзе саступаць яе знешняму абліччу, запэўніў айцец Канстанцін. Матывы роспісу сцен прысвечаны асноўным вехам у жыцці Ісуса: Нараджэнню, Хрышчэнню, Распяццю, Уваскрасенню, Узнясенню. Святыя твары будуць выкананы ў тэхніцы і стылі XVI стагоддзя. Абразы для іканастаса ўжо напісаны майстрамі Маскоўскай патрыярхіі. Упрыгожаннем царквы стане панікадзіла - цэнтральны свяцільнік. Яго дыяметр складае амаль 3 м, а вага - 600 кг. Панікадзіла выраблена на сродкі мясцовага мецэната і дастаўлена ў Віцебск. Аздабленчыя і афармляльныя работы плануецца завяршыць да ліпеня бягучага года, і тады над Заходняй Дзвіной паплыве малінавы звон 11 званоў Свята-Уваскрасенскай царквы.-0-