Віцебскі аэрапорт адкрывае сезон пералётаў да Калінінграда

Віцебскі аэрапорт адкрывае летні сезон авіяпералётаў да Калінінграда, дзе, дарэчы, пройдуць некалькі матчаў чэмпіянату свету па футболе, які стартуе днямі.

Як паведаміў начальнік участка сэрвісу аэрапорта Сяргей Глебко, палёты ў Калінінград будуць ажыццяўляцца з 8 чэрвеня па 31 жніўня два разы на тыдзень па пятніцах і нядзелях з вылетам з Віцебска адпаведна ў 15.20 і 11.45. Самалёт CRJ на 50 месцаў даставіць пасажыраў да месца прызначэння крыху больш, чым за гадзіну.

Цэны на білеты (ад 63 еўра), якія прапанавала авіякампанія «Белавія», захаваны на ўзроўні мінулага года і дазволяць канкурыраваць з наземнымі відамі транспарту, павысіць даступнасць і прывабнасць авіяпадарожжаў.

Гэты напрамак быў выбраны перавозчыкам з разлікам на запатрабаванасць у жыхароў не толькі Віцебшчыны і суседніх абласцей, але і прыгранічных расійскіх рэгіёнаў.

Сёння Калінінград – найбліжэйшы да Беларусі горад, у якім пройдзе чэмпіянат свету па футболе. Заходнюю мяжу нашай краіны і стадыён «Балтыка» падзяляюць крыху больш за 200 кіламетраў (Масква ад, скажам, Ліёзна ў два разы далей. У Калінінградзе згуляюць зборныя Англіі і Бельгіі, Іспаніі і Марока, Сербіі і Швейцарыі, Харватыі і Нігерыі.

СЯРГЕЙ АНТОНАЎ, фота з архіва «Віцебскія весці».