Віцебскі аэрапорт працуе ў дзяжурным рэжыме і гатовы ў любы час прыняць спецрэйсы з Польшчы

11 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Віцебскі аэрапорт працуе ў дзяжурным рэжыме і гатовы ў любы час прыняць спецрэйсы з Польшчы. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА першы намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Навацкі. Увечары 10 красавіка ў Віцебскім аэрапорце прызямліліся два чартары. Для іх прыёму былі задзейнічаны каля 100 чалавек. Гэта супрацоўнікі аэрапорта, транспартнай службы, МНС, работнікі хуткай дапамогі, мытні, ДАІ, памежнікі, прадстаўнікі Віцебскага аблвыканкама і гарвыканкама. У мэтах бяспекі на ўзлётнай паласе дзяжурылі 3 машыны МНС, 5 карет хуткай дапамогі. Акрамя таго, у адміністрацыйным будынку аэрапорта быў разгорнуты пункт харчавання, падрыхтавана віпзона для адпачынку гасцей. Першы спецрэйс Віцебскі аэрапорт прыняў у 18 гадзін 43 хвіліны. У складзе польскай дэлегацыі з 18 чалавек прыбыў брат загінулага прэзідэнта Яраслаў Качыньскі. Група была прынята без афармлення віз па спрошчанай сістэме: пашпартны кантроль супрацоўнікі памежнай службы правялі на працягу некалькіх хвілін прама ў самалёце. Пасля гэтага члены дэлегацыі пераселі ў аўтобус МАЗ і ў суправаджэнні дзвюх патрульных машын і рэанімабіля накіраваліся ў Смаленскую вобласць. Наступны чартар прыляцеў у аэрапорт праз гадзіну. На ім прыбылі 28 чалавек, у тым ліку прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск. Пасля праходжання пашпартнага кантролю другая група таксама накіравалася да месца катастрофы. Для іх перамяшчэння былі задзейнічаны 3 мікрааўтобусы, 2 аўтамашыны прадстаўніцкага класа, 2 патрульныя машыны, карэта хуткай дапамогі. На расійскай мяжы ўвесь транспарт застаўся чакаць членаў дэлегацый, якія накіраваліся ў Смаленскую вобласць да месца авіякатастрофы, каб па іх вяртанні даставіць назад у Віцебскі аэрапорт. Канфортныя ўмовы былі створаны і для пілотаў польскіх авіярэйсаў. Ім далі сувязь з Масквой, магчымасці для адпачынку і харчавання. Акрамя таго, беларускім бокам была арганізавана запраўка польскіх авіябортаў. Уладзімір Навацкі таксама паведаміў, што Віцебскі аэрапорт планаваў прыняць каля 130-150 польскіх грамадзян, таму ў гатоўнасці неадкладна прыступіць да работы знаходзіліся дадатковыя адзінкі транспарту і супрацоўнікі аператыўных службаў. Аказаць неабходную дапамогу прыбылым польскім грамадзянам таксама былі гатовыя бальніцы абласнога цэнтра. У цяперашні час Віцебск па-ранейшаму гатовы ў тэрміновым парадку аказаць любое садзейнічанне польскаму боку, падкрэсліў першы намеснік старшыні аблвыканкама.-0-