Віцебскі аэрапорт з пачатку года прыняў больш за 2 тыс. пасажыраў

Витебский аэропорт с начала года принял более 2 тыс. пассажиров

Віцебскі аэрапорт з пачатку года прыняў больш за 2 тыс. пасажыраў. Аб гэтым паведаміў журналістам начальнік віцебскага філіяла дзяржаўнага прадпрыемства "Белаэранавігацыя" Сяргей Рурыс пасля ўрачыстага адкрыцця абноўленай узлётна-пасадачнай паласы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

З пачатку года віцебскі аэрапорт прыняў і адправіў каля 210 паветраных суднаў. "Для аэрапорта, у якога няма рэгулярных рэйсаў, гэта значная колькасць. Бывалі дні, падчас карпаратыўнага фестывалю "Газпрама" "Факел", калі ў дзень прымалі да 40 самалётаў", - сказаў Сяргей Рурыс. Ён дадаў, што падчас рамонтных работ, якія былі пачаты ў лістападзе мінулага года, аэрапорт не спыняў дзейнічаць.

Кіраўнік філіяла адзначыў, што рэканструкцыя штучнага пакрыцця аэрадрома вялася за кошт уласных сродкаў прадпрыемства "Белаэранавігацыя" ў адпаведнасці з планам па мадэрнізацыі віцебскага філіяла. Выканана замена штучнага пакрыцця ўзлётна-пасадачнай паласы (яе даўжыня 2,6 тыс.м, шырыня 42 м), рулёжнай дарожкі і перрона.

Як паведаміў генеральны дырэктар генпадрадчыка ААТ "Дарожна-будаўнічы трэст №1" Аляксандр Калкоў, на аэрадроме ўкладзена 100 тыс.т асфальтабетону. "Гэтага хапіла б на 100 км аўтамабільнай дарогі шырынёй 12 м. Але тут зусім іншыя ўмовы. Пакрыццё ўкладвалася ў тры пласты, праведзены вялікі аб'ём падрыхтоўчых работ", - сказаў гендырэктар. Агульны кошт выкананых работ склаў Br109 млрд.

Сяргей Рурыс дадаў, што пасля рэканструкцыі пакрыцця ў аэрапорце зняты практычна ўсе абмежаванні па прыёме цяжкіх самалётаў. "Зараз закупляем святлатэхнічнае абсталяванне і ў наступным годзе плануем замяніць усю сістэму па прыёме суднаў у начны час, абнавіць радыёлакацыйныя і сродкі сувязі", - сказаў кіраўнік філіяла.

Віцебскі аэрапорт размешчаны за 10 км ад абласнога цэнтра. Прадпрыемства забяспечвае ўнутрырэспубліканскае авіязлучэнне, абслугоўвае чартарныя ўнутраныя і міжнародныя пасажырскія і грузавыя перавозкі. Выкарыстоўваецца пры выкананні транзітных рэйсаў бізнес-авіяцыі.

Алена Ціханава