Віцебскі арт-праект Cinematograf-3 аб'яднаў беларускіх, латвійскіх і брытанскіх майстроў

2 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Арт-праект Cinematograf-3 стартаваў у Віцебску, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар арт-цэнтра Марка Шагала Людміла Хмяльніцкая. Сёлета праект, прысвечаны тэме кіно, аб'яднаў творчых асоб Беларусі, Латвіі і Вялікабрытаніі. Мастакі і рэжысёры гэтых краін запрашаюць гасцей і жыхароў Віцебска зноў акунуцца ў чароўны свет кіно. Сваё бачанне невычарпальных граняў кінематографа мастакі прадставілі ў выглядзе жывапісных работ і інсталяцый, выкананых у розным фармаце і тэхніцы. Сюжэтныя і абстрактныя, яркія і прыглушаныя, яны "чапляюць" гледача, прымушаючы яго задумацца аб сэнсе, які аўтар паспрабаваў укласці ў сваё стварэнне. Знаёмства з 48 работамі, якія ўвайшлі ў экспазіцыю ў арт-цэнтры Марка Шагала, даставіць сапраўднае задавальненне аматарам сучаснага мастацтва. Разам з выставай у арт-праект уключана шырокая кінапраграма. 19 стужак, якія ўвайшлі ў яе, будуць дэманстравацца таксама ў арт-цэнтры па выхадных да канца красавіка. Пры гэтым жанр некаторых прадстаўленых фільмаў нельга вызначыць адназначна. Так, 13-хвіліннае кіно маладога брытанскага рэжысёра Дзяніса Вінклера "Сны Чынгісхана", змантаванае з матэрыялу, знятага ў музеі Параджанава і ўласнай кінастудыі, больш нагадвае экспрэсіянісцкую кампазіцыю, жанравую прыналежнасць якой нават сам аўтар не здолеў назваць.-0-