Віцебскі астраном-аматар адкрыў новы астэроід
9 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебскі астраном-аматар Віталь Нявольны адкрыў астэроід і назваў яго ў гонар свайго настаўніка астраноміі Уладзіміра Голубева. Міжнародны астранамічны саюз зарэгістраваў адкрыццё, прысвоіў яму парадкавы нумар і зацвердзіў імя - 216837 Golubev (2009 HJ58). Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў сам першаадкрывальнік. Гэта першы ў гісторыі айчыннай астранамічнай навукі выпадак, калі такое адкрыццё належыць астраному-аматару.
Паводле яго слоў, упершыню гэта нябеснае цела ён выявіў летам гэтага года ў уласнай абсерваторыі, якая абсталявана ў прыгарадзе Віцебска. Як правіла, для пацвярджэння адкрыцця новага астэроіда неабходна весці назіранні на працягу 3-6 гадоў, каб дакладна разлічыць яго арбіту звароту вакол Сонца, гэта значыць астэроід павінен стаць пазнавальным. Віталю Нявольнаму спадарожнічала ўдача: у базе Цэнтра малых планет Смітсанаўскай астрафізічнай абсерваторыі (ЗША), дзе акумулююцца даныя назіранняў малых цел Сонечнай сістэмы, былі выяўлены гістарычныя назіранні гэтага нябеснага цела. Так што фактычна праз тры месяцы пасля адкрыцця Цэнтр малых планет пацвердзіў поспех віцебскага астранома і прысвоіў астэроіду парадкавы нумар.
Пасля таго як малая планета атрымлівае пастаяннае абазначэнне, яе першаадкрывальнік мае права прапанаваць для яе назву. Пасля параіўшыся з калегамі па цэху, Віталь Нявольны вырашыў назваць астэроід у гонар свайго настаўніка астраноміі Уладзіміра Голубева як спецыяліста, які шмат робіць для папулярызацыі астранамічнай навукі. З яго абгрунтаваннем пагадзіўся і Міжнародны астранамічны саюз.
Па словах Віталя Нявольнага, сёння ў яго актыве яшчэ пяць новых астэроідаў, якія пакуль атрымалі папярэднія абазначэнні Цэнтра малых планет. Цяпер ідзе працэс пацвярджэння адкрыцця і, калі пашанцуе, на небасхіле хутка могуць з'явіцца новыя "беларускія" астэроіды.-0-