Віцебскі астраном распавёў, ці пагражае Зямлі падзенне астэроіда
Сёння кажуць: энтузіясты здольныя змяніць свет. У 1992 годзе віцебскі астраном-аматар Віталь Няўскі на сваім лецішчы пабудаваў абсерваторыю і зрабіў там шмат унікальных адкрыццяў. У 2012 годзе светлую галаву з горада на Дзвіне заўважылі ў расійскім астранамічным навуковым цэнтры. Цяпер Віталь працуе інжынерам-назіральнікам вахтавым метадам у адной з абсерваторый Кіславодска. Астраном наведаў дом і стаў героем сустрэчы ў Духаўскім круглику.
– Усё пачалося яшчэ са школы, з любові да фантастыкі. Потым у рукі трапіла ілюстраваная кніга па астраноміі, палюбіў зорнае неба, – пачаў свой аповяд Віталь Няўскі. – У 15 гадоў пазнаёміўся з Уладзімірам Голубевым, які вёў астранамічны гурток на базе станцыі юных тэхнікаў (цяпер цэнтр пазашкольнай працы. – Заўв. аўт.). Уладзімір Аляксандравіч дапамагаў не толькі парадай, але і абсталяваннем. У школьныя гады з'явілася мара аб уласнай абсерваторыі. Ідэю падтрымаў бацька, і ўсяго за год сваімі рукамі на лецішчы за 20 кіламетраў ад Віцебска мы яе пабудавалі. Першыя назіранні праводзіліся з дапамогай пераноснага тэлескопа, які я зрабіў сам – у той час такая тэхніка была недаступнай. Потым выхаванцы Уладзіміра Аляксандравіча на адным з конкурсаў выйгралі стацыянарны прафесійны тэлескоп. Яго і ўсталявалі ў абсерваторыі. Яшчэ паўтара года пайшло на даводку і наладку абсталявання. Затое ў 1996-м мы змаглі атрымаць першы здымак каметы, што для аматара вялікае дасягненне. Бывала, у 20-градусны мароз дзяжурылі ў абсерваторыі, каб дачакацца добрага агляду і зрабіць удалыя кадры.
– Раскажыце пра свае найбольш важныя адкрыцці?
– Першым можна лічыць удакладненне дыяметра спадарожніка Сатурна Тэфіі падчас назірання пакрыцця ў 2002 годзе. Дарэчы, гэта ж рабілі польскія і чэшскія спецыялісты, і яны спачатку нават не паверылі, што ў Беларусі ёсць такія ўважлівыя астраномы-аматары. У 2009-м адкрыты два астэроіды, названыя «Уладзімір Голубеў» і «Горад Віцебск». Назіраць за малымі нябеснымі целамі даволі складана, бо яны рухаюцца і іх можна проста страціць з-пад увагі. Патрэбна штодзённая праверка, вылічэнне іх арбіты.
Звышновую зорку ў іншай галактыцы адкрыў у 2010 годзе. Яна стала першай «беларускай» звышновай. Вельмі пашанцавала, бо такія ўспышкі адбываюцца раз на стагоддзе, а святло ляціць да Зямлі мільёны гадоў.
У 2012 годзе мяне запрасілі на працу ў Кіславодск, дзе дзякуючы цудоўнаму астраклімату і абсталяванню тыя ж астэроіды выяўляць лёгка. Але мне пашанцавала асабліва: удалося адкрыць дзве каметы. Тая знакавая ноч 2012 года ў абсерваторыі ISON пад Кіславодскам была нестабільнай: назіранням перашкаджала хмарнасць. І незадоўга да світання я разам з напарнікам з Расіі Арцёмам Новічанком запусціў пляцоўку – фактычна наўздан. Выявілі аб'ект, які рухаўся павольней, чым астэроіды. Вызначыўшы яго аддаленасць і ацаніўшы яркасць, удакладніўшы даныя з іншых месцаў, зрабілі выснову: гэта камета, ды яшчэ адна з самых яркіх за апошнія дзесяць гадоў. Нябеснае цела назвалі «ISON» – у гонар абсерваторыі, дзе яе ўпершыню заўважылі. Так прынята рабіць у выпадку, калі першаадкрывальнік адразу не паведаміў пра сваю знаходку, як гэта атрымалася ў мяне. Затое другая камета, адкрытая ў 2013 годзе, называецца «Неўскі». Яна перыядычная, і праз 40 гадоў яе зноў можна будзе назіраць з Зямлі.
– Як назавеце сваё чарговае адкрыццё?
– Гэта вырашаю не я, а міжнародны астранамічны саюз. Кометы звычайна называюцца ў гонар першаадкрывальніка. Што тычыцца астэроідаў, то з 500 тысяч вядомых 330 тысяч маюць парадкавыя нумары. Уласныя імёны маюць 17 тысяч. Часцей за ўсё гэта імёны багоў, міфічных герояў, геаграфічныя назвы. І толькі 30 з іх звязаны з нашай краінай. Ёсць астэроіды «Беларусь», «Брэст», «Мінск», «Віцебск». Каля тысячы нябесных цел назвалі ў гонар вучоных, парадку паўтары тысячы – астранаўтаў. Ёсць нават астэроід імя аркэстра. Але кожны выпадак трэба абгрунтаваць. Выбар-то ёсць. Але калі шчыра, неяк не задумваюся пакуль над гэтым пытаннем.
– Пасля падзення Чалябінскага метэарыта многіх цікавіць, ці могуць астраномы аператыўна папярэджваць аб падобных катастрофах?
– Гэта і ёсць асноўная мэта нашых назіранняў – адсочванне астэроідаў і комет, якія пралятаюць побач. Але, на жаль, у агульнасусветным маштабе адзінай сістэмы бяспекі няма, над гэтым яшчэ трэба будзе папрацаваць. А пакуль усё на плячах аматараў.
Хоць небяспека сапраўды ёсць, планету пастаянна бамбуюць нябесныя целы, большасць з якіх, на шчасце, згараюць у атмасферы. Але, напрыклад, пры падзенні на Зямлю 9-метровага аб'екта выкід энергіі пры сутыкненні будзе прыкладна роўны атамнаму выбуху ў Хірасіме. Праўда, Чалябінскі метэарыт нельга было заўважыць з Зямлі, бо ён набліжаўся з-пад Сонца. Для гэтага патрэбны спецыяльныя аптычныя спадарожнікі, якіх няма. Але зараз у Расіі пачалі вылучацца сродкі на абсерваторыі і арганізацыю сістэматычных назіранняў. Бо праблема не толькі ў нябесных целах, якія набліжаюцца да Зямлі, але і ў касмічным смецці, якога ўжо назапасілася шмат на нашай арбіце – на дадзены момант каля 17 тысяч аб'ектаў. Гэта вялікая небяспека для космонаўтыкі. У Кіславодску мы якраз і адсочваем усё гэта смецце.
– На дадзены момант ці ёсць небяспека сутыкнення нябесных цел з Зямлёй?
– На дадзены момант вялікіх пагроз мы не бачым. Толькі ў 2028-м плануецца збліжэнне з астэроідам «Апафіз». Адлегласць паміж ім і Зямлёй складзе прыкладна як да Месяца.
– Вы верыце ў астралогію? Наколькі яна звязана з рэальнай навукай пра зоркі?
– Не. Астралогія заснавана на псіхалогіі чалавека, а астраномія – на канкрэтных матэматычных дадзеных. Чалавек сам тварэц свайго шчасця. Калі камусьці падабаецца чытаць гараскопы, няхай гэта робіць.
– Ці верыце вы ў тое, што мы не адны ва Універсуме?
– Цяпер адкрыты некалькі сотняў планет і буйных зорак, дзе магло б быць жыццё. Таму я ўпэўнены, што мы не самотныя. Іншая справа, што наша цывілізацыя існуе толькі некалькі тысяч гадоў – у маштабах Сусвету гэта долі секунды. Гэта значыць, верагоднасць сустрэцца з іншымі разумнымі істотамі надзвычай малая. Гэта як спадзявацца нешта ўбачыць ад успышкі адной запалкі ў цёмным пакоі. Калі мы знікнем праз некалькі сотняў тысяч гадоў, то наша запалка проста згасне, а дзесьці зноў успыхне, узнікне новая цывілізацыя. Яшчэ ёсць верагоднасць, што земляне – немаўляты, і іншыя расы проста не хочуць нас заўважаць.
– Пра што марыць астраном Віталь Неўскі?
– У першую чаргу мадэрнізаваць сваю абсерваторыю, а на гэта трэба не менш за 50 тысяч долараў. Яшчэ хацелася б арганізаваць астранамічны гурток для школьнікаў, каб моладзь магла "загарэцца" зорным небам, як у свой час я.
Аляксандр Кутынко, "Віцебскія весці"