Віцебскі батутыст Уладзіслаў Ганчароў узяў удзел у цырымоніі запальвання агню II Еўрапейскіх гульняў у Рыме

Агонь II Еўрапейскіх гульняў запалены сёння ў Рыме ў комплексе Ara Pacis Museum, дзе знаходзіцца знакаміты помнік архітэктуры Арка міру, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Урачыстая цырымонія прынялі ўдзел кіраўніцтва Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў на чале з прэзідэнтам гэтай арганізацыі Янезам Качыянчычам, міністр спорту і турызму Беларусі Сяргей Кавальчук, дырэктар фонду "Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года" Георгій Катулін.

Янез Качыянчыч перадаў агонь гульняў міністру спорту і турызму Беларусі, у якога пераняла эстафету алімпійская чэмпіёнка ў бегу на 100 м Юлія Несцярэнка, а затым - трыумфатар Алімпіяды ў Рыа Уладзіслаў Ганчароў. Пасля праслаўленая фехтавальшчыца, чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка Алена Белава аддала факел II Еўрапейскіх гульняў беларускім байкерам.

Па шляху ў Беларусь 5-7 мая запланавана ўзняць факел на вышэйшую кропку Еўропы гару Манблан. Гэта зробяць беларускія альпіністы. Плануецца наведаць Нацыянальныя алімпійскія камітэты Славеніі, Аўстрыі, Славакіі, Венгрыі, Польшчы. Полымя будзе дастаўлена ў Беларусь у суправаджэнні байкерскага клуба The One Chapter Belarus.

У Беларусі эстафета пачне свой шлях 12 мая, факел мультыспартыўнага форуму пабывае ва ўсіх рэгіёнах: у Брэсцкім - 12-17 мая, Гродзенскім - 18-23 мая, Віцебскім - 24-29 мая, Магілёўскім - 30 мая - 4 чэрвеня, Гомельскім - 5-10 чэрвеня, Мінскім - 11-16 чэрвеня.

У Мінску "Полымя міру" сустрэнуць 17 чэрвеня на плошчы Дзяржаўнага флага. У гэты ж дзень факел пройдзе па праспекце Пераможцаў, 18 чэрвеня - па праспекце Незалежнасці. 19 чэрвеня ўдзельнікі эстафеты накіруюцца на мінскія прадпрыемствы. Далей плануецца наведванне паркаў і славутасцяў горада, удзел у цырымоніі прывітання атлетаў у вёсцы спартсменаў.

Маршрут эстафеты завершыцца 21 чэрвеня на Нацыянальным алімпійскім стадыёне "Дынама" - падчас цырымоніі адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў будзе запалены агонь форуму. У эстафеце агню ў Беларусі возьмуць удзел 450 факеланосцаў, якімі стануць найлепшыя спартсмены краіны, вядомыя спецыялісты, аўтарытэтныя дзеячы навукі, культуры і мастацтваў. II Еўрапейскія гульні пройдуць у Мінску з 21 па 30 чэрвеня.

Больш за 4 тыс. атлетаў з 50 краін разыграюць 200 камплектаў узнагарод у 15 відах спорту. Беларусь атрымала права на правядзенне II Еўрапейскіх гульняў 21 кастрычніка 2016 года па выніках галасавання дэлегатаў з 50 краін на 45-м пасяджэнні Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў у Мінску.