Віцебскі бізнес-цэнтр у 2010 годзе садзейнічаў прыцягненню ў эканоміку вобласці амаль Br250 млрд.

21 лютага, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва таварыства з дадатковай адказнасцю (ТДА) "Віцебскі бізнес-цэнтр" у 2010 годзе аказаў садзейнічанне ў прыцягненні амаль Br250 млрд. інвестыцый у эканоміку Віцебскай вобласці. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў дырэктар прадпрыемства Леанід Шур. Спецыялісты цэнтра летась распрацавалі 20 інвестыцыйных бізнес-планаў і бізнес-планаў развіцця, рэалізацыя якіх апроч інвестыцыйных укладанняў прадугледжвае стварэнне больш як 1,5 тыс. працоўных месцаў. Пры падтрымцы бізнес-цэнтра ААТ "Віцебскі камбінат хлебапрадуктаў" плануе правесці мадэрнізацыю вытворчых магутнасцей, КУСП "Эксперыментальнае прадпрыемства ім. Шмырова" будзе будаваць малочнатаварную ферму. Для ААТ "Віцебскі маслаэкстракцыйны завод" распрацаваны інвестпраект па будаўніцтве элеватарнага комплексу. Бізнес-план па пашырэнні вытворчасці выкананы для замежнага прадпрыемства "Вітэла", некалькі бізнес-планаў прадугледжваюць стварэнне новых вытворчасцей, аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу і турыстычнай інфраструктуры. Самы маштабны бізнес-план інвестыцыйнага праекта "Развіццё вуліцы Суворава ў горадзе Віцебску" выкананы па замове гарвыканкама і з'яўляецца мадэльным па развіцці тэрыторый. Праект прадугледжвае стварэнне ў абласным цэнтры першай пешаходнай вуліцы як зоны ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця. Для павышэння турыстычнай прывабнасці гэтай часткі горада плануецца апроч рэканструкцыі часткі вуліцы і добраўпарадкавання тэрыторыі таксама фарміраванне сеткі турыстычных цэнтраў, аднаўленне гістарычных аб'ектаў, рэстаўрацыя помнікаў архітэктуры. Тут жа прадугледжваецца пашырэнне дзеючых і стварэнне новых аб'ектаў сэрвісу, у тым ліку аб'ектаў грамадскага харчавання, гандлю, бытавых паслуг, медыцынскіх і аздараўленчых цэнтраў, разлікова-касавых цэнтраў банкаў. На пешаходнай вуліцы будуць створаны ўсе неабходныя ўмовы для правядзення масавых агульнагарадскіх мерапрыемстваў, выстаў-кірмашоў, канцэртаў і народных гулянняў. Цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва ТДА "Віцебскі бізнес-цэнтр" утвораны ў 1994 годзе. Асноўнымі напрамкамі дзейнасці бізнес-цэнтра з'яўляюцца садзейнічанне ў прыцягненні інвестыцый у Віцебскую вобласць, у стварэнні новых прадпрыемстваў і працоўных месцаў, а таксама стымуляванне прыватнай ініцыятывы. У 2010 годзе прадпрыемства першым у вобласці атрымала статус цэнтра трансферу тэхналогій.-0-