Віцебскі дызайнер упершыню прадставіць беларускі брэнд у Азіі

Витебский дизайнер впервые представит белорусский бренд в Азии

Больш за 30 работ дызайнера з Віцебска Марыны Давыдавай будуць паказаны на Тыдні моды ў Кітаі.

Як паведамляецца ў прэс-рэлізе арганізатараў, беларускі брэнд прадставяць упершыню ў Азіі. Імя Марыны Давыдавай вядома многім, хто сочыць за сучаснымі напрамкамі айчыннай моднай індустрыі. У свой час яна была пераможцай конкурсу мадэльераў "Белая амфара", які праходзіў у Віцебску. Цяпер у Марыны свая творчая майстэрня "davidova". Адзенне гэтага брэнда адрозніваецца стыльным аўтарскім дызайнам і, як адзначае аўтар, прызначана для актыўнай, упэўненай у сабе жанчыны, якая валодае яркай індывідуальнасцю. Мадэльер часта выкарыстоўвае апрацоўку палотнаў, уласныя прынты. У Харбін Марына Давыдава павезла калекцыю вясна-лета для аўталэдзі. У Тыдні моды прымаюць удзел дызайнеры з 20 краін свету, у прыватнасці, з ЗША, Вялікабрытаніі, Тайланда, Італіі, Расіі і іншых. Белтэлерадыёкампанія плануе падрыхтаваць некалькі рэпартажаў аб паказе першага беларускага брэнда, прадстаўленага ў Азіі.

Таццяна Пастэрнак, "Віцебскія весці"