Віцебскі «Экалагічны патруль» прызнаны лепшым у краіне
Грамадскія эколягі паўночнага рэгіёну адзначыліся ва ўсіх намінацыях конкурсу, арганізаванага Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі.
Так, валанцёрскі атрад «Разам» Даўжанскай сярэдняй школы Віцебскага раёна заняў другое месца сярод аб'яднанняў навучэнскай моладзі. Лепшая ляндшафтная кампазіцыя, на думку Мінпрыроды, створана сіламі валанцёраў са Студзянкоўскага дзіцячага саду-сярэдняй школы Сенненскага раёна, трэцім у гэтай жа намінацыі стаў атрад Расонскай сярэдняй школы імя П. Машэрава.
Сярод студэнцкай моладзі першае месца заняў валанцёрскі атрад «Экалягічны патруль» ВДУ ім. П. Машэрава. Цікава, што пра перамогу ў рэспубліканскім конкурсе мы ім паведамілі першымі.
– Вядома, гэта прыемныя навіны, але, шчыра кажучы, за ўзнагародамі мы не ганяемся, – распавяла куратар грамадскіх эколагаў, дацэнт кафедры экалогіі і аховы прыроды ўніверсітэта Інна Літвянкова. Яна паведаміла, што «зялёны» атрад на біялагічным факультэце быў створаны яшчэ ў 2005 годзе.
– З таго часу мы пастаянна развіваемся, пашыраем поле і напрамкі дзейнасці. Нашы валанцёры шчыльна працуюць з абласным камітэтам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Аснову «Экалягічнага патруля» складаюць студэнты, якія атрымліваюць спецыяльнасць «Біяэкалогія». Для многіх рабят гэта яшчэ і своеасаблівая стажыроўка. З першых курсаў яны дзяжураць разам са спецыялістамі гарадской інспекцыі, выязджаюць у рэйды, выяўляюць несанкцыянаваныя звалкі, іншыя факты парушэння прыродаахоўнага заканадаўства, а таксама збіраюць матэрыял для сваіх навуковых даследаванняў, – распавяла Інна Аляксандраўна.
Валанцёры «Экалягічнага патруля» з'яўляюцца ініцыятарамі і арганізатарамі спецыялізаваных акцый, удзельнічаюць у мерапрыемствах па навядзенні парадку і супрацоўнічаюць у гэтым напрамку з рознымі прадпрыемствамі і грамадскімі аб'яднаннямі: з прытулкам для бяздомных жывёл, БООР, Віцебскім лясгасам.
Адметна, што маладыя людзі таксама займаюцца сацыяльнай і асветніцкай працай.
Так, на працягу некалькіх гадоў грамадскія эколагі рэалізоўвалі сумесны праект з Віцебскім заапаркам, на базе якога функцыянаваў гурток для школьнікаў. Валанцёры арганізуюць выпуск экалагічных бюлетэняў ва ўстановах адукацыі горада. Многія нават пасля заканчэння ВНУ працягваюць удзельнічаць у гарадскім «зялёным» руху. Выпускніца біяфака Марыя Данюк ініцыявала стварэнне школьнага экалагічнага атрада ў віцебскай гімназіі №7.
Самымі знакавымі падзеямі для валанцёрскага атрада ў гэтым годзе былі завяршэнне экапраекта «Зялёны горад», вынікам якога стала азеляненне пляцоўкі каля абласной бібліятэкі, а таксама выступленні экалагічнага тэатра, сумесныя святы і акцыі з педагогамі і выхаванцамі віцебскай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі слыху.
– Галоўнае, да чаго мы імкнуліся, ствараючы «Экалагічны патруль», – гэта самастойнасць і ініцыятыўнасць маладых людзей. На першым сходзе з навічкамі мы адразу папярэджваем, што ніхто не прыйдзе да іх і не скажа, што ім трэба будзе рабіць. Кожны выбірае напрамак, якім яму цікава займацца, прапануе ідэі і падключае да іх рэалізацыі іншых, – патлумачыла Іна Літвянкова.