Віцебскі эндакрыналагічны дыспансер атрымаў медыцынскае абсталяванне па гранце ўрада Японіі

Витебский эндокринологический диспансер получил медоборудование по гранту правительства Японии

Віцебскі абласны эндакрыналагічны дыспансер атрымаў медыцынскае абсталяванне па гранце ўрада Японіі. Урачыстая цырымонія перадачы абсталявання адбылася сёння з удзелам намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзіміра Церанцьева і часовага паверанага ў справах Японіі ў Рэспубліцы Беларусь Міморы Сігехіра, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Дыспансер атрымаў сістэму ультрагукавой дыягностыкі, якая дазваляе візуалізаваць любую паталогію шчытападобнай залозы, абследаваць яе кровазварот, а значыць - выявіць захворванні, у тым ліку і анкалагічныя, на ранніх стадыях. Падобнага апарата ў Віцебскай вобласці не было. Кошт сістэмы Prosound Alpha 6 вытворчасці Японіі складае $85,5 тыс.

Намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама выказаў шчырую падзяку японскаму ўраду і народу Японіі за аказаную дапамогу і нагадаў, што пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС Японія адной з першых прапанавала дапамогу Беларусі.

Міморы Сігехіра распавёў, што пасольства Японіі ў Беларусі рэалізуе праграму ўрада "Грантавая дапамога для праектаў па бяспецы насельніцтва "Карані травы". З моманту рэалізацыі гэтай праграмы ў 2004 годзе выдзелена больш за $2 млн. бальніцам, якія знаходзяцца на пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС тэрыторыях, а таксама спецыялізаваным медустановам. Падпісаны 25 кантрактаў на пастаўку абсталявання, з якіх 19 завершаны, яшчэ 7 знаходзяцца ў стадыі рэалізацыі. У лік завершаных цяпер уваходзіць і праект з Віцебскім абласным эндакрыналагічным дыспансерам. Часовы павераны таксама выказаў словы шчырай падзякі беларускаму народу і кіраўніцтву Беларусі за дапамогу, аказаную яго краіне пасля разбуральнага землетрасення 2011 года і аварыі на атамнай электрастанцыі "Фукусіма-1".

Па дадзеных дыспансера, у Віцебскай вобласці на дыспансерным назіранні ў эндакрынолагаў знаходзяцца больш за 40 тыс. пацыентаў з паталогіяй шчытападобнай залозы. Штогод у вобласці выяўляецца каля 130 хворых, у якіх упершыню дыягнастуецца анкалагічнае захворванне шчытападобнай залозы.

БЕЛТА