Віцебскага фальшываманетчыка асудзілі на тры гады абмежавання волі
23 чэрвеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. 27-гадовы віцяблянін за выраб фальшывых грашовых знакаў асуджаны на тры гады абмежавання волі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі УУС аблвыканкама.
Усяго ў пачатку 2009 года ім было надрукавана з выкарыстаннем асабістай аргтэхнікі 70 фальшывых купюр наміналам Br20 тыс., якія ён меў намер легалізаваць пры дапамозе трох кампаньёнаў.
Дзейнасць фальшываманетчыка ўдалося спыніць дзякуючы пільнасці кандуктара тралейбуса. Жанчына звярнула ўвагу на падазроныя грашовыя знакі, якімі расплаціліся пасажыры за праязныя білеты.
Як высветлілася, віцяблянін, раней судзімы, вырашыў такім чынам дапамагчы свайму прыяцелю, якому тэрмінова спатрэбіліся грошы для вырашэння асабістых праблем. Надрукаваўшы на прынтары фальшыўкі, крымінальны дуэт разлічваў іх легалізаваць, набываючы дробныя тавары, паслугі і атрымліваючы здачу сапраўднымі грашыма. Да справы яны прыцягнулі яшчэ двух знаёмых. Маладыя людзі расплачваліся падробленымі купюрамі пры куплі латарэйных білетаў, аплачвалі праезд у грамадскім транспарце. Усяго яны паспелі збыць 10 фальшывак.
Суд Чыгуначнага раёна Віцебска прызнаў вырабніку падробкі вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага арт. 221 КК Беларусі ("Выраб, захоўванне альбо збыт падробленых грошай або каштоўных папер"). Трое яго падельнікаў яшчэ чакаюць рашэння суда.-0-