Віцебскі «Глобус» адзначаны сярод кнігарняў рэспублікі

Витебский «Глобус» отмечен среди книжных магазинов республики

Ад прэзентацыі літаратуры на паліцах у кнігарнях шмат у чым залежыць яе запатрабаванасць сярод пакупнікоў. У гэтым перакананыя арганізатары рэспубліканскіх конкурсаў «Найлепшая выкладка навучальнай літаратуры выдавецтва «Аверсэв» і «Таемны пакупнік», праведзеных у гандлёвай сетцы ААТ «Белкніга», у ліку пераможцаў якіх апынуліся прадстаўнікі кнігарняў Прыдзвіння.

Як паведамляе сайт Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, асноўнымі крытэрыямі ацэнкі журы былі выкарыстанне найноўшых тэхналогій і метадаў кніжнага мерчандайзінгу, уменне высветліць патрэбу пакупніка, веданне асартыменту і культура абслугоўвання. У выніку ў намінацыі «Найлепшая выкладка навучальнай літаратуры выдавецтва «Аверсэв» адзначаны 9 загадчыкаў. Разам з кіраўнікамі дзвюх сталічных крамаў дыплом I ступені ўручаны загадчыцы віцебскага «Глобуса» на вуліцы Замкавай Аксане Залатаровай. Мы вырашылі павіншаваць Аксану Мікалаеўну з перамогай і даведацца, ці папулярная сёння продаж кніг у крамах, улічваючы імклівае развіццё інфармацыйных тэхналогій?

Як высветлілася, літаратура ў «Глобусе» карыстаецца вялікім попытам, асабліва навучальная. У дзень з прылаўка сыходзіць каля тысячы экзэмпляраў, адпаведна, у месяц каля 30 тысяч адзінак. А Інтэрнэт тут зусім не канкурэнт, а хутчэй памочнік, бо менавіта ён дапамагае даведвацца аб тэндэнцыях сучаснай літаратуры, супрацоўнічаць з рознымі выдавецтвамі не толькі Беларусі, але і іншых краін. Гэта вельмі важна, бо асартымент кнігарня фарміруе сама, а значыць, трэба быць пастаянна ў курсе навінак – як мастацкай літаратуры, так і навучальнай.

– Што тычыцца апошняй, то пры яе замове кантактуем з педагогамі, якія падказваюць, якія рабочыя сшыткі і іншыя дадатковыя матэрыялы могуць спатрэбіцца. Вельмі зручна, калі настаўнікі самі заказваюць у нас літаратуру адразу на клас, гэта пазбаўляе ад клопатаў бацькоў і з'яўляецца залогам таго, што ўсім усяго хопіць, – растлумачыла Аксана Залатарова.

На паліцах крамы пераважна кнігі беларускіх выдавецтваў. Навігацыя вучэбнай літаратуры – па класах, што, вядома, вельмі зручна для бацькоў. Далей па раздзелах: эканоміка, псіхалогія, філалогія і гэтак далей. У арсенале кнігі на розных мовах свету. Асобная экспазіцыя – выстава беларускай літаратуры. Як адзначыла загадчыца крамы, творы айчынных аўтараў, у прыватнасці Васіля Быкава і Уладзіміра Караткевіча, заўсёды карыстаюцца вялікай папулярнасцю, а пасля прысуджэння Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлане Алексіевіч з'явіўся асаблівы попыт на яе кнігі.

– Мы стараемся зрабіць шопінг максімальна зручным для нашых пакупнікоў, каб кожны тут знайшоў тое, што шукае. Вялікі асартымент, зручнае размяшчэнне ў цэнтры горада, пастаянна дзеючыя 5-працэнтныя зніжкі для шматдзетных сем'яў і пенсіянераў, а таксама перыядычныя акцыі сумесна з выдавецтвамі на зніжку ў 20% – усё гэта спрыяе таму, каб людзі набывалі друкаваную прадукцыю, каб больш чыталі, – падкрэсліла Аксана Мікалаеўна.

Вяртаючыся да конкурсу, адзначым, што дыплом III ступені ў гэтай жа намінацыі дастаўся загадчыцы віцебскай кнігарні «Равеснік» на Маскоўскім праспекце Алене Раманавай. Што тычыцца лепшых прадаўцоў, то сярод уладальнікаў першага месца апынулася Надзея Богдан (Віцебск, крама «Кнігі» №12). Бронзавыя лаўрэаты – Наталля Хадкевіч (Полацк, №9, «Полацк-Светач»), Галіна Даніленка (Віцебск, №11, «Раніца»), Наталля Терзова (Віцебск, №21, «Ля ратушы»), Алена Шубіна (Орша, №4, «Кнігі»), Алеся Трашчова (Віцебск, №22, «Асвета»), Надзея Вайцюшэнка (Орша, №3, «Родник»), Таццяна Белькавіч, (Віцебск, №18, «Равеснік»).

Вольга Маслоўская. Фота Антона Сцепанішчава. «Віцебскія весці».