Віцебскі гарвыканкам задаволіў просьбы гараджан аб забароне начной гандлю гарэлкай і півам
8 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Віцебскі гарвыканкам задаволіў шматлікія просьбы жыхароў Віцебска і забараніў гандаль гарэлкай і півам з 23 гадзін да 8 гадзін у крамах, якія працуюць кругласутачна. Рашэнне мясцовых улад аб абмежаванні продажу алкагольных напояў уступіла ў сілу, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім гарвыканкаме.
Пасля прыняцця рашэння Віцебскага гарвыканкама "Аб рэалізацыі напояў у начны час" колькасць крам з кругласутачным рэжымам працы ў абласным цэнтры скарацілася з васьмі да трох. Акрамя таго, у адной з крам, што засталіся, з 23 гадзін да 8 забараняецца рэалізацыя алкагольных напояў і піва, у двух іншых - рэалізацыя гарэлкі па фіксаваных цэнах і піва.
Каментуючы прынятае рашэнне, намеснік начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Уладзімір Пранько адзначыў, што яго прыняцце было абумоўлена шматлікімі зваротамі жыхароў дамоў, прылеглых да начных крам, у праваахоўныя органы, гарвыканкам і аблвыканкам з просьбамі забараніць рэалізацыю спіртнога ў начны час. Напрыклад, толькі ў ноч з 14 на 15 жніўня ва УУС паступіла больш за 600 званкоў ад жыхароў са скаргамі на асоб, якія распіваюць спіртныя напоі ў грамадскіх месцах. Разам з тым, статыстыка правапарушэнняў сведчыць аб зніжэнні колькасці крымінальных спраў, узбуджаных у дачыненні да асоб, якія здзейснілі супрацьпраўныя дзеянні ў стане алкагольнага ап'янэння. Паводле даных УУС, на долю такіх спраў прыпадае каля 30%. -0-