Старшынёй Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў стаў былы камунальнік Уладзімір Белевіч
У Віцебскім гарадскім Савеце дэпутатаў адбылася змена кіраўніка. Новым кіраўніком органа прадстаўнічай улады абласнога цэнтра абраны дэпутат Уладзімір Белевіч.
Яго папярэднік Міхаіл Партны, як ужо паведамлялася, прызначаны намеснікам міністра спорту і турызму Рэспублікі Беларусь і пераязджае ў сталіцу.
Рашэнне кадравага пытання і ўшанаванне свайго калегі дэпутаты правялі на пазачарговай сесіі гарсавета, якая адбылася 19 сакавіка.
Уладзімір Белевіч беспартыйны, сёлета яму споўніцца 41 год. Новы кіраўнік абіраўся ў гарсавет па Ленінградскай акрузе №36 з пасады кіраўніка ДКУЖРЭП «ЖРЭТ Чыгуначнага раёна». У 2015-м было прынята рашэнне аб рэарганізацыі гэтага прадпрыемства шляхам далучэння да ЖРЭТ Кастрычніцкага раёна, бо яно апынулася ў складанай фінансавай сітуацыі і па шэрагу прычын не змагло самастойна функцыянаваць. У гарсавеце 27-га склікання Уладзімір Белевіч ажыццяўляе дзейнасць у пастаяннай камісіі па гарадской гаспадарцы, кіраванні камунальнай уласнасцю, транспарце і сувязі.
Сяргей Анто́наў, "Віцебскія весці"