Віцебскі гарсавет зацвердзіў У.Мікалайкіна на пасадзе старшыні гарвыканкама

21 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Віцебскі гарадскі Савет дэпутатаў зацвердзіў Віктара Мікалайкіна на пасадзе старшыні гарвыканкама. Рашэнне было прынята сёння на 12-й пазачарговай сесіі Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў 25-га склікання, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Да новага прызначэння Віктар Мікалайкін працаваў на пасадзе намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкама. Выступаючы перад дэпутатамі, Віктар Мікалайкін адзначыў, што асноўныя задачы, якія стаяць перад выканаўчай вертыкаллю горада на 2009 год і бягучую пяцігодку, ужо вызначаны ўрадам і кіраўніком дзяржавы. "Для іх дасягнення трэба правесці вялікую працу, і часу на разварушванне няма", - падкрэсліў ён. Асаблівую ўвагу трэба будзе надаць рабоце рэальнага сектара эканомікі. Гораду неабходна павялічыць рост ВУП, тавараабарот, знайсці новыя рынкі збыту і дзелавых партнёраў, якія гатовыя ўкладваць інвестыцыі ў развіццё абласнога цэнтра і рэалізацыю супольных інвестпраектаў. "Пры гэтым прадпрыемствы павінны выпускаць запатрабаваную прадукцыю, а не працаваць на склад. Толькі тады Віцебск будзе квітнець, а дабрабыт яго грамадзян - расці", - упэўнены новы старшыня Віцебскага гарвыканкама.-0-