Віцебскі дзяржуніверсітэт будзе рыхтаваць паспяховых бацькоў

14 лютага, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.Машэрава арганізуе курсы па падрыхтоўцы паспяховых бацькоў, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дэкан факультэта павышэння кваліфікацыі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў ВДУ, кандыдат псіхалагічных навук Алена Баброва. Курсы "Паспяховае бацькоўства" з'яўляюцца сумесным праектам ВДУ і прадстаўніцтва Міжнароднага дзіцячага фонду ў Беларусі. У ходзе курсавых заняткаў спецыялісты ВНУ дапамагаюць бацькам фарміраваць пазітыўны стыль зносін з дзецьмі, эфектыўна вырашаць канфліктныя сітуацыі, пераадольваць праблемы крызіснага ўзросту. Праграма курса сфарміравана такім чынам, каб дапамагчы бацькам не толькі палепшыць узаемаразуменне з дзецьмі, але і раскрыць іх таленты. "Падчас заняткаў нашы спецыялісты-псіхолагі не навязваюць пэўную кропку гледжання, а прадастаўляюць алгарытм дзеянняў у канкрэтных сітуацыях, які дазваляе лакалізаваць канфлікт і прадухіліць яго развіццё", - растлумачыла Алена Баброва. Курсы праводзяцца не толькі з бацькамі, асобная праграма распрацавана для выкладчыкаў школ, якія змогуць прымяняць камунікатыўныя навыкі пры наступнай працы з бацькамі і дзецьмі. Першы вопыт арганізацыі такіх курсаў аказаўся паспяховым і паказаў запатрабаванасць тэматыкі, таму факультэт павышэння кваліфікацыі мае намер працягваць наборы слухачоў і актыўна развіваць псіхолага-педагагічную тэматыку сваёй дзейнасці. Перспектыўнымі напрамкамі працы з'яўляюцца таксама семінары па праблемах братоў і сясцёр дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. "Праблемы дзяцей з асаблівасцямі развіцця актыўна паднімаюцца ў нашым грамадстве, пры гэтым выпускаецца з-пад увагі той факт, што ў іх ёсць браты і сёстры са сваім жыццём і праблемамі", - адзначыла Алена Баброва. У найбліжэйшы час ВДУ сумесна з прадстаўніцтвам Міжнароднага дзіцячага фонду ў Беларусі плануе пачаць серыю семінараў па гэтай тэматыцы. Акрамя таго, у планах факультэта курсы, прысвечаныя захаванню псіхалагічнага здароўя будучых маці, па псіхалогіі зносін, тэхналогіях захавання здароўя. Акрамя псіхолага-педагагічнага напрамку, факультэт прапануе павысіць кваліфікацыю на моўных курсах (у тым ліку кітайскай мовы), камп'ютарных і курсах эканамічнага напрамку.-0-