Віцебскі дзяржуніверсітэт і кітайскі інстытут у 2010 годзе пачнуць навучанне студэнтаў па сістэме "3+3"

22 верасня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. Машэрава і Хух-Хтоскі прафесійны інстытут (Кітай) падпісалі дагавор аб супрацоўніцтве па сумесным навучанні студэнтаў дзвюх краін, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле міжнароднага супрацоўніцтва віцебскай ВНУ. У адпаведнасці з дакументам, кітайскія грамадзяне будуць навучацца ў Хух-Хтоскім інстытуце на працягу 3 гадоў па спецыяльнасцях "музычнае мастацтва" і "выяўленчае мастацтва", а затым працягнуць навучанне ў ВДУ на 4 і 5 курсах, а таксама ў магістратуры беларускай ВНУ. Навучанне будзе весціся па сумесным чынам складзеных вучэбных планах і праграмах. Пачаць навучанне па гэтай сістэме плануецца ў 2010 годзе. Дагавор быў падпісаны ў ходзе рабочага візіту ў Кітай дэлегацыі ВДУ на чале з рэктарам Аляксандрам Саладком. Падчас знаходжання ў Хух-Хтоскім інстытуце кіраўнікі віцебскай і кітайскай ВНУ ўзгаднілі вучэбныя планы будучага сумеснaга навучання, а таксама абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва па розных напрамках. Так, дасягнуты дамоўленасці аб магчымасці выкладання беларускімі спецыялістамі рускай мовы як замежнай у кітайскім інстытуце, для паляпшэння якасці выкладання віцебская ВНУ перадасць інстытуту 20 камплектаў дапаможнікаў па гэтай дысцыпліне. Акрамя таго, ВДУ прапрацоўвае магчымасць адкрыцця новай спецыяльнасці "руская мова як замежная" на базе філалагічнага факультэта з улікам высокай патрэбы ў вывучэнні рускай мовы кітайскімі спецыялістамі. Кіраўніцтва кітайскай ВНУ выступіла з ініцыятывай пабудаваць у Віцебску інтэрнат для кітайскіх студэнтаў. Адным з перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва можа стаць арганізацыя экскурсійных тураў па Беларусі і Кітаі для турыстаў дзвюх краін. Віцебскі дзяржуніверсітэт навучае студэнтаў з Кітая з 2000 года, за гэты час падрыхтоўку прайшлі каля 150 прадстаўнікоў гэтай усходняй краіны. У новым навучальным годзе асвойваць навукі ў Віцебску плануюць каля 30 кітайскіх юнакоў і дзяўчат. -0-