Віцебскі дзяржуніверсітэт забяспечвае высокі інавацыйны патэнцыял рэгіёна - А.Радзькоў
26 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Высокі інавацыйны патэнцыял Віцебскай вобласці ствараецца перш за ўсё якаснай працай калектыву Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.Машэрава. Такое меркаванне выказаў сёння журналістам, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, міністр адукацыі Беларусі Аляксандр Радзькоў. У Віцебску ён прымае ўдзел у пашыраным пасяджэнні Савета ВДУ, прысвечаным 100-годдзю з дня ўтварэння ВНУ.
Юбілейныя ўрачыстасці ва ўніверсітэце праходзяць пад дэвізам "Век асветы", а наступны гістарычны этап развіцця ВНУ павінен стаць перыядам інавацыйнай асветы, падкрэсліў міністр. "Сёння мала мець веды, трэба ўмець гэтымі ведамі пісьменна распарадзіцца і актыўна іх выкарыстоўваць, таму наступны этап развіцця ВНУ будзе звязаны ў першую чаргу з інавацыямі", - лічыць Аляксандр Радзькоў. Беларусь выбрала і актыўна прасоўваецца па інавацыйным шляху развіцця, пад гэту задачу павінны быць выбудаваны сістэмы адукацыі і выхавання.
Па словах міністра, сёння запатрабаваны творча мыслячыя спецыялісты ва ўсіх сферах дзейнасці, здольныя ствараць новацыі і актыўна прымяняць іх на практыцы. У гэтым плане Віцебская вобласць мае вельмі высокі патэнцыял. "Дастаткова сказаць, што рэгіён заўсёды ў тройцы лідараў па колькасці пераможцаў міжнародных і рэспубліканскіх прадметных алімпіяд, у вобласці працуе Лужаснянская школа-інтэрнат-гімназія для адораных дзяцей, станоўчы вопыт якой распаўсюджаны па ўсіх рэгіёнах", - адзначыў Аляксандр Радзькоў.
Віцебскі ўніверсітэт актыўна ўкараняе інавацыі. Так, ва ўніверсітэце створаны 9 вучэбна-навукова-вытворчых комплексаў, прызначаных удасканальваць якасць вучэбнага працэсу, актывізаваць навуковую дзейнасць і спрыяць максімальнай адаптацыі выпускнікоў універсітэта да ўмоў практычнай працы ўжо па заканчэнні вучобы. Сумесна з установамі адукацыі арганізавана 5 вучэбна-навукова-кансультацыйных цэнтраў. Такая інавацыйная форма супрацоўніцтва дае магчымасць забяспечыць доўгатэрміновае навукова-даследчае і вучэбна-метадычнае ўзаемадзеянне ўніверсітэта і агульнаадукацыйных школ. Яна дазваляе павысіць якасць навучання школьнікаў і спрыяе развіццю прафесійных кампетэнцый педагогаў і выкладчыкаў, укараненню інавацый і сучасных тэхналогій у вучэбна-выхаваўчы працэс як універсітэта, так і сярэдніх школ горада. Акрамя таго, ва ўніверсітэце створаны навукова-інфармацыйна-метадычны цэнтр "Актуальныя праблемы сацыяльнай дапамогі і падтрымкі грамадзян (сем'яў) ва ўмовах цяжкай жыццёвай сітуацыі".
У 2010 годзе Віцебскі дзяржуніверсітэт сертыфікаваў сістэму менеджменту якасці ВНУ (СМК) на адпаведнасць стандарту СТБ ISO 9001-2009 і ў нямецкай сістэме акрэдытацыі DIN EN ISO 9001-2008. Укараненне і сертыфікацыя СМК павышае прэстыж і канкурэнтаздольнасць ВГУ на міжнародным узроўні, дае магчымасць універсітэту актыўна інтэгравацца ў еўрапейскую адукацыйную прастору.-0-