Віцебскі дзяржуніверсітэт адкрыў цэнтр псіхалагічнай дапамогі

17 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.Машэрава ўзмацніў практычную накіраванасць падрыхтоўкі будучых псіхолагаў, а таксама стварыў навукова-метадычны савет па псіхалогіі. Аб гэтым паведаміў сёння рэктар ВДУ доктар медыцынскіх навук, прафесар Аляксандр Саладков на рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі "Псіхалогія экстрэмальных сітуацый: праблемы тэорыі і практыкі" у Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Так, на базе факультэта сацыяльнай педагогікі і псіхалогіі і Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў адкрыты цэнтр псіхалагічнай дапамогі. У цэнтры можна прайсці псіхалагічную дыягностыку для выяўлення асобасных асаблівасцей, вызначыць прычыны адхіленняў у развіцці і атрымаць навукова абгрунтаваную інтэрпрэтацыю псіхадыягнастычных даследаванняў. Спецыялісты цэнтра гатовы аказаць падтрымку ў вырашэнні праблем і прыняцці рашэнняў адносна прафесійнай кар'еры, у сямейна-бытавой сферы. Цэнтр мае намер актыўна займацца асветніцкай і прафілактычнай працай, а таксама пытаннямі аказання псіхалагічнай дапамогі ў экстрэмальных сітуацыях. Структурнае падраздзяленне ВДУ працуе не толькі з супрацоўнікамі і студэнтамі ўніверсітэта - паслугамі вопытных спецыялістаў-псіхолагаў змогуць скарыстацца таксама жыхары і госці абласнога цэнтра. Акрамя таго, на кафедры прыкладной псіхалогіі ўкаранёны курсы па навучанні студэнтаў практычным навыкам аказання псіхалагічнай дапамогі ў экстрэмальных сітуацыях. На ваеннай кафедры ўведзена новая ваенна-ўліковая спецыяльнасць "Маральна-псіхалагічнае забеспячэнне войскаў ва ўмовах ваеннага і мірнага часу". Праводзімая работа па падрыхтоўцы практычных псіхолагаў абагульняецца створаным у ВНУ навукова-метадычным саветам па псіхалогіі, які прызначаны аналізаваць праблемы і выпрацоўваць рэкамендацыі па іх вырашэнні. У канферэнцыі прымаюць удзел каля 80 навукоўцаў і спецыялістаў з навучальных і навуковых цэнтраў Беларусі, Расіі і Польшчы, а таксама практычныя работнікі рэспубліканскіх лячэбных і рэабілітацыйных устаноў, супрацоўнікі праваахоўных органаў і падраздзяленняў МНС. Асноўнымі мэтамі канферэнцыі з'яўляюцца актуалізацыя праблем забеспячэння псіхалагічнай бяспекі жыццядзейнасці ў экстрэмальных сітуацыях, а таксама вызначэнне падыходаў да стварэння і прымянення сучасных тэхналогій рэгуляцыі паводзін і дзейнасці ў экстрэмальных сітуацыях. На канферэнцыі разглядаюцца праблемы псіхалогіі паводзін чалавека ў экстрэмальных сітуацыях, пытанні аказання медыцынскай дапамогі ў экстрэмальных умовах, спецыфічныя асаблівасці дзейнасці спецыялістаў МНС і сілавых структур у экстрэмальных сітуацыях. Асобным блокам вынесена абмеркаванне праблем псіхалагічнай бяспекі адукацыйнага асяроддзя, а таксама пытанняў падрыхтоўкі прафесійных кадраў для працы ў экстрэмальных умовах. Арганізатарамі форуму выступаюць Міністэрства адукацыі і Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.Машэрава.-0-