Віцебскі дзяржуніверсітэт сертыфікаваў сістэму менеджменту якасці

6 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава сертыфікаваў сістэму менеджменту якасці ВНУ (СМЯ) на адпаведнасць стандарту СТБ ISO 9001-2009 і ў нямецкай сістэме акрэдытацыі стандарту DIN EN ISO 9001-2008, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА прарэктар ВНУ па вучэбнай рабоце Вячаслаў Туркоўскі. Віцебскі дзяржуніверсітэт сертыфікаваў таксама СМЯ Полацкага і Аршанскага каледжаў, якія ўваходзяць у структуру ВНУ, адзначыў ён. Галіна сертыфікацыі ўключае праектаванне, распрацоўку і прадастаўленне адукацыйных паслуг даўніверсітэцкай падрыхтоўкі, а таксама падрыхтоўкі спецыялістаў на першай і другой (магістарскай) ступенях вышэйшай адукацыі, спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі, па перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі кадраў, арганізацыю навукова-даследчай і інавацыйнай дзейнасці. Створаная сістэма менеджменту якасці дае магчымасць вызначаць праблемныя месцы, знаходзіць кропкі росту і забяспечваць развіццё ўніверсітэта, паляпшаючы якасць адукацыйных паслуг пры рацыянальным выкарыстанні сродкаў і патэнцыялу ВНУ, лічыць Вячаслаў Туркоўскі. Акрамя таго, унядрэнне і сертыфікацыя СМЯ павышае прэстыж і канкурэнтаздольнасць ВДУ на міжнародным узроўні, дае магчымасць уключэння ВНУ ў еўрапейскую адукацыйную прастору, дадаў ён. Пры стварэнні і ўнядрэнні сістэмы менеджменту ў Віцебскім дзяржуніверсітэце былі вызначаны місія, бачанне і палітыка кіраўніцтва ўніверсітэта ў галіне якасці, распрацаваны 33 стандарты апісання працэсаў і відаў дзейнасці, кіраўніцтва па якасці і слоўнік СМЯ, 6 палажэнняў для яе падтрымкі. Асноўны аб'ём падрыхтоўчай работы быў звязаны з навучаннем работнікаў ВНУ. У выніку звыш 360 супрацоўнікаў атрымалі сертыфікаты ўпаўнаважаных па якасці, падрыхтаваны 25 унутраных аўдытараў. "Сістэма менеджменту якасці дазваляе працаваць эфектыўна, з'яўляецца ўмовай і сродкам інавацыйнага развіцця ўніверсітэта", - упэўнены Вячаслаў Туркоўскі. Скарэкціравана і аптымізавана структура кіравання ўніверсітэтам. Унядрэнне СМЯ дало штуршок да з'яўлення шэрагу навацый у адукацыйным працэсе. Так, у ВНУ ўведзены трохэтапны экзамен для студэнтаў, што заклікана павысіць аб'ектыўнасць ацэнкі ведаў. ВДУ сумесна з адміністрацыямі сярэдніх школ створаны пяць вучэбна-навукова-кансультацыйных цэнтраў, якія дазваляюць адсочваць працэсы ў сярэдняй школе і ў выніку паляпшаць якасць практычнай падрыхтоўкі будучых настаўнікаў. Таксама створаны аддзелы маркетынгу, турыстычных паслуг і псіхалагічны цэнтр. Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.Машэрава заснаваны ў 1910 годзе як настаўніцкі інстытут. Статус класічнага ўніверсітэта ВНУ атрымаў 1 верасня 1995 года ў выніку рэарганізацыі педагагічнага інстытута. Універсітэт вядзе падрыхтоўку спецыялістаў у галіне педагогікі, псіхалогіі, гуманітарных, прыродазнаўча-матэматычных навук, мастацтва і дызайну, права, сацыяльнай работы і фізічнай культуры. Усяго ВНУ рыхтуе спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй па 8 профілях, 40 спецыяльнасцях, 15 напрамках і 35 спецыялізацыях на 11 факультэтах. У 2009 годзе выпускнікамі ВНУ дзённай формы навучання сталі амаль 1 тыс. маладых спецыялістаў. Сёння ў ВДУ вучацца больш за 4,7 тыс. студэнтаў на дзённым і амаль 5,5 тыс. на завочным аддзяленнях.-0-