Віцебскі дзяржуніверсітэт стварае вучэбна-навукова-вытворчыя комплексы па біятэхналогіях і фізіцы

1 лютага, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.Машэрава плануе стварыць у 2011 годзе вучэбна-навукова-вытворчыя комплексы "Біятэхналогія", "Інжынерная фізіка", а таксама "Рыбаводства", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў навукова-даследчым сектары ўніверсітэта. У 2010 годзе Віцебскі дзяржуніверсітэт падпісаў дагаворы аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве з шэрагам прадпрыемстваў абласнога цэнтра, рэалізацыя якіх прадугледжвае ў тым ліку стварэнне вучэбна-навукова-вытворчых комплексаў (УНВК). Стварэнне такіх комплексаў накіравана на ўдасканаленне якасці навучальнага працэсу, навуковай дзейнасці і заклікана спрыяць максімальнай адаптацыі выпускнікоў універсітэта да ўмоў практычнай працы ўжо пасля заканчэння вучобы. Так, сумесна з вядомым віцебскім вытворцам ветэрынарных прэпаратаў ТАА "Рубікон" універсітэт мае намер стварыць УНВК "Біятэхналогія", да працы якога прадугледжваецца падключыць таксама РУВП "БелВітуніфарм" і УП "Віцебская біяфабрыка". Такі фармат узаемадзеяння навучальнай установы і вытворцаў біятэхналагічнай прадукцыі дазволіць, з аднаго боку, арганізаваць навучальны працэс з улікам апошніх дасягненняў у гэтай галіне, а з другога, дасць магчымасць весці распрацоўку новай біятэхналагічнай прадукцыі па праграме імпартазамяшчэння, у тым ліку з выкарыстаннем мясцовых прыродных комплексаў біялагічна актыўных рэчываў. Ужо ў рамках падрыхтоўчай працы па стварэнні УНВК супрацоўнікі ВДУ па замове прадпрыемстваў выконвалі даследаванні па кандыдацкіх і магістарскіх дысертацыях, а таксама па шасці дыпломных працах, падрыхтавана тры заяўкі на атрыманне патэнтаў. Для студэнтаў арганізавана практыка на вытворчасці, вядуцца перамовы аб размеркаванні студэнтаў на гэтыя прадпрыемствы. УНВК "Інжынерная фізіка" плануецца стварыць сумесна з ААТ "Канструктарскае бюро "Дысплей", якое спецыялізуецца на распрацоўцы і вытворчасці відэаманітораў і вылічальнай тэхнікі спецпрызначэння для жорсткіх умоў эксплуатацыі. У рамках УНВК "Рыбаводства" прадугледжваецца правядзенне маніторынгу за станам іхтыяфаўны і кармавой базы возера Стрэшна ў Сенненскім раёне, што ў перспектыве дазволіць выпрацаваць шляхі аднаўлення і выкарыстання рэсурсаў закрытых лясных вадаёмаў. Сумесна з вучонымі Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны плануецца правядзенне іхтыяпаталагічных даследаванняў рыб у гэтым возеры, а таксама арганізацыя вучэбна-палявой практыкі студэнтаў. Усяго ў ВДУ дзейнічае восем УНВК, якія створаны на гістарычным, матэматычным, біялагічным, юрыдычным, мастацка-графічным, філалагічным факультэтах.-0-