Віцебскі дзяржуніверсітэт стварыў 4 вучэбна-навукова-кансультацыйныя цэнтры пры сярэдніх школах

22 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.Машэрава ў 2010 годзе стварыў чатыры вучэбна-навукова-кансультацыйныя цэнтры пры сярэдніх школах Віцебска, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА загадчык кафедры псіхалогіі ВДУ Сяргей Багамаз. Такая інавацыйная форма супрацоўніцтва прызвана забяспечыць доўгатэрміновае навукова-даследчае і вучэбна-метадычнае ўзаемадзеянне ўніверсітэта і агульнаадукацыйных школ. Яно дазволіць павысіць якасць навучання школьнікаў і будзе спрыяць развіццю прафесійных кампетэнцый педагогаў і выкладчыкаў, укараненню інавацый і сучасных тэхналогій у вучэбна-выхаваўчы працэс як універсітэта, так і сярэдніх школ горада, адзначыў Сяргей Багамаз. Пры стварэнні кансультацыйных цэнтраў універсітэт аказаў дапамогу школам у забеспячэнні іх камп'ютарнай тэхнікай, перадаў банк даных дыпломных работ выпускнікоў ВНУ, сфарміраваў бібліятэку метадычнай і даведачнай літаратуры. Цяпер пры падтрымцы спецыялістаў ВНУ ствараюцца інтэрнэт-прадстаўніцтвы школ. Пры гэтым асновай узаемадзеяння ў рамках кансультацыйнага цэнтра з'яўляецца правядзенне сумесных мерапрыемстваў выкладчыкаў, студэнтаў ВНУ і педагогаў сярэдніх навучальных устаноў. Такое супрацоўніцтва праходзіць па розных напрамках, такіх як сумесную дыягнастычную і кансультацыйную дзейнасць, правядзенне навукова-практычных канферэнцый і метадычных аб'яднанняў педагогаў, арганізацыя навукова-даследчай работы са школьнікамі і студэнтамі. На базе кансультацыйных цэнтраў праходзяць навучальную і вытворчую практыку студэнты ВДУ, непасрэдна ў школы перанесена таксама правядзенне практычных заняткаў у рамках вучэбнага працэсу ўніверсітэта. Пры вучэбна-навукова-кансультацыйных цэнтрах арганізавана работа сеткі навуковых гурткоў як для студэнтаў, так і для адораных школьнікаў, якія праяўляюць цікавасць да паглыбленага вывучэння прадметаў школьнай праграмы. Супрацоўніцтва ў фармаце такіх цэнтраў таксама дае магчымасць праводзіць мэтанакіраваную прафарыентацыйную работу сярод школьнікаў і рыхтаваць будучых абітурыентаў для ВНУ з ліку выпускнікоў школ, дадаў Сяргей Багамаз.-0-