Віцебскі дзяржуніверсітэт стварыў магутную, вядомую за мяжой педагагічную школу

26 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.Машэрава стварыў магутную педагагічную школу, вядомую далёка за межамі Беларусі. Аб гэтым заявіў сёння журналістам, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў. У Віцебску ён прымае ўдзел у пашыраным пасяджэнні Савета ВДУ, прысвечаным 100-годдзю ВНУ. Стагоддзе віцебскай ВНУ з'яўляецца вельмі важнай для Беларусі падзеяй, адзначыў міністр. "Той, хто вучыць дзяцей, павінен мець вельмі добрую адукацыю, і віцебскі ўніверсітэт, які ствараўся як педагагічны інстытут, ва ўсе часы адпавядаў гэтай задачы", - упэўнены Аляксандр Радзькоў. Сёння гэта вышэйшая навучальная ўстанова развіваецца ў якасці класічнага ўніверсітэта і мае магутную педагагічную і метадычную школы, у ВНУ створаны навуковыя школы па філалогіі, хіміі, фізіцы, матэматыцы, знакамітая мастацкая школа, якая працягвае традыцыі Юрыя Пэна, Казіміра Малевіча і Марка Шагала. Менавіта ў ВДУ закладзена і развіваецца добрая традыцыя вывучэння астраноміі, а дзякуючы віцебскаму педагогу Уладзіміру Голубеву Беларусь мае вельмі якасны дапаможнік па астраноміі. Падводзячы вынікі мінулага стагоддзя ў сваёй гісторыі, універсітэт упэўнена глядзіць у будучыню і будуе планы на перспектыву. Далейшае развіццё атрымае матэрыяльна-тэхнічная база ВНУ. Па словах Аляксандра Радзькова, у планах - будаўніцтва яшчэ аднаго навучальнага корпуса, басейна, інтэрнатаў, у тым ліку для замежных студэнтаў. "Наша адукацыя запатрабавана за мяжой, а віцебскі ўніверсітэт актыўна супрацоўнічае з Кітаем, Туркменістанам і іншымі краінамі, дзе моладзь імкнецца атрымліваць якасную адукацыю менавіта ў Віцебску", - адзначыў міністр. Міністэрства адукацыі паднесла ў падарунак юбіляру інфармацыйную лабараторыю, аснашчаную сучаснай камп'ютарнай тэхнікай, а таксама аказала дапамогу ў аснашчэнні лінгафоннага кабінета і творчай лабараторыі. Падчас пашыранага пасяджэння Савета ўніверсітэта Аляксандр Радзькоў зачытаў прывітанне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і пажадаў калектыву новых поспехаў у развіцці знакамітай навучальнай установы. Павіншаваць калег з юбілеем прыбылі дэлегацыі Беластоцкага дзяржаўнага ўніверсітэта (Польшча), Усходнекітайскага тэхналагічнага інстытута і Хух-Хтоскага прафесійнага інстытута (Кітай), Татарскага дзяржаўнага гуманітарна-педагагічнага ўніверсітэта і Марыйскага дзяржаўнага ўніверсітэта (Расія), Вінніцкага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Кацюбінскага і Крэменчугскага дзяржаўнага політэхнічнага ўніверсітэта імя М.Астроградскага (Украіна). Віцебскі настаўніцкі інстытут быў адкрыты ў лістападзе 1910 года для падрыхтоўкі настаўнікаў вышэйшых пачатковых вучэльняў і стаў першай навучальнай установай такога тыпу на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Пры інстытуце складалася двухкласная гарадская вучэльня для практычных заняткаў выхаванцаў з трохгадовым курсам навучання. У інстытут прымалі маладых людзей усіх званняў і саслоўяў не маладзейшых за 16 гадоў. Кожны паступаючы даваў падпіску адпрацаваць не менш за 6 гадоў на пасадзе настаўніка гарадской вучэльні па размеркаванні вучэбнага начальства. У штат ВНУ уваходзілі дырэктар, 15 выкладчыкаў, законавучыцель, лекар і пісар. У інстытуце выкладаліся педагагіка, руская і царкоўнаславянская мовы, арыфметыка, алгебра, геаметрыя, гісторыя, геаграфія, прыродазнаўства і фізіка, чарчэнне і маляванне, чыстапісанне, спевы і гімнастыка, ручная праца. Віцебскі настаўніцкі інстытут існаваў да 1917 года, пасля рэвалюцыі перададзены ў веданне Наркамасветы і ператвораны ў педагагічны інстытут. Статус класічнага ўніверсітэта ВНУ атрымала 1 верасня 1995 года ў выніку рэарганізацыі педагагічнага інстытута, а ў лютым 1998 года ёй прысвоена імя Пятра Машэрава, выпускніка віцебскай ВНУ. Універсітэт вядзе падрыхтоўку спецыялістаў у галіне педагагічных навук, псіхалогіі, гуманітарных, прыродазнаўча-матэматычных навук, мастацтва і дызайну, права, сацыяльнай работы і фізічнай культуры. Усяго ВНУ рыхтуе спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй па 8 профілях, 40 спецыяльнасцях, 15 напрамках і 35 спецыялізацыях на 11 факультэтах. Сёння ў ВДУ вучыцца больш за 4,7 тыс. студэнтаў на дзённым і амаль 5,5 тыс. на завочным аддзяленнях.-0-