Віцебскі дзяржуніверсітэт створыць вучэбна-навукова-вытворчыя комплексы на базе кожнага факультэта
21 студзеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.Машэрава плануе стварыць вучэбна-навукова-вытворчыя комплексы на базе кожнага факультэта да 100-годдзя ВНУ, якое будзе адзначацца ў лістападзе 2010 года. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў рэктар універсітэта Аляксандр Саладкоў.
Стварэнне такіх комплексаў накіравана на ўдасканаленне якасці вучэбнага працэсу, навуковай дзейнасці і заклікана спрыяць максімальнай адаптацыі выпускнікоў універсітэта да ўмоў практычнай працы ўжо пасля заканчэння вучобы. Так, на гістарычным факультэце будзе створана турыстычнае агенцтва і археалагічны музей. Юрыдычны факультэт плануе арганізаваць крыміналістычную лабараторыю, у філолагаў з'явіцца сучасны лінгафонны кабінет. Вучэбна-вытворчая майстэрня па выпуску керамічных вырабаў пачне працу на мастацка-графічным факультэце, што дазволіць развіваць гэта напрамак дэкаратыўна-прыкладного мастацтва. Сумесны праект па стварэнні цэнтра экстраннай і псіхалагічнай дапамогі маюць намер рэалізаваць інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў ВДУ, а таксама факультэт сацыяльнай педагогікі і псіхалогіі. Ужо сёння ў ВНУ дзейнічаюць 6 такіх комплексаў і 3 вучэбна-кансультацыйных цэнтры.
Акрамя таго, 100-гадоваму юбілею будуць прысвечаны практычна ўсе навуковыя, адукацыйныя і грамадска значныя мерапрыемствы ўніверсітэта. На працягу года плануецца правесці 12 міжнародных і рэспубліканскіх навукова-практычных канферэнцый, пашыраць супрацоўніцтва з замежнымі навучальнымі і навуковымі ўстановамі. Будуць арганізаваны шматлікія студэнцкія акцыі - паходы па мясцінах баявой і працоўнай славы Пятра Машэрава, ушанаванне ветэранаў і заслужаных работнікаў універсітэта, конкурсы творчых і навуковых работ. Плануецца выданне кнігі і здымкі дакументальнага фільма аб гісторыі і сённяшнім дні ВДУ. Усяго ў план па падрыхтоўцы да святкавання 100-годдзя ўніверсітэта ўключана амаль 100 мерапрыемстваў, якія будуць праходзіць кожны тыдзень на працягу года.
Віцебскі настаўніцкі інстытут быў адкрыты 21 лістапада 1910 года для падрыхтоўкі настаўнікаў вышэйшых пачатковых вучэльняў і стаў першай навучальнай установай такога тыпу на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Пры інстытуце складалася 2-класнае гарадское вучылішча для практычных заняткаў выхаванцаў з 3-гадовым курсам навучання. У штат ВНУ ўваходзілі дырэктар, 15 выкладчыкаў, законавучыцель, лекар і пісар. У інстытуце выкладаліся педагогіка, руская і царкоўнаславянская мовы, арыфметыка, алгебра, геаметрыя, гісторыя, геаграфія, прыродазнаўства і фізіка, чарчэнне і маляванне, чыстапісанне, спевы і гімнастыка, ручная праца.
Віцебскі настаўніцкі інстытут існаваў да 1917 года, пасля рэвалюцыі перададзены ў веданне Наркамасветы і ператвораны ў педагагічны інстытут. У снежні 1934 года педінстытуту прысвоена імя Сяргея Кірава. З 1 верасня 1995 года Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут ім. С.Кірава ператвораны ў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт, які з лютага 1998 года носіць імя Пятра Машэрава, выпускніка віцебскай ВНУ.-0-