Віцебскі дзяржуніверсітэт прымае ўдзел у міжнародным праекце па падрыхтоўцы спецыялістаў туріндустрыі

4 верасня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава прымае ўдзел у міжнародным адукацыйным праекце Еўрапейскай камісіі па ўкараненні бізнес-адукацыйных праграм для падрыхтоўкі спецыялістаў турыстычнай індустрыі, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прарэктар па навуковай рабоце ВНУ Іна Прышчэпа. Праект накіраваны на мадэрнізацыю ВНУ-курсаў і навучальных праграм па эканоміцы і турызме і прывядзенне іх у адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі, а таксама задавальненне патрэб турыстычнай галіны ў кваліфікаваных эканамістах-менеджарах. Удзел у праекце дазволіць універсітэту пазнаёміцца з еўрапейскім вопытам і ўкараніць ноу-хау па падрыхтоўцы спецыялістаў па турызме, а таксама актывізаваць міжнароднае супрацоўніцтва для ўдасканалення навучальнага працэсу і распрацоўкі новых эканома-кіраўніцкіх курсаў. Усяго ў праекце прадстаўлены 16 ВНУ з Беларусі, Германіі, Італіі, Чэхіі, Славакіі, у якіх вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў у сферы музеазнаўства, турызму і гасціннасці, удзельнікамі таксама з'яўляюцца міністэрствы і ведамствы гэтых краін. У ходзе рэалізацыі праекта плануецца правядзенне сумесных міжнародных навукова-практычных канферэнцый, стажыровак выкладчыкаў і навучанне студэнтаў ва ўніверсітэтах-партнёрах. Таксама будзе арганізавана вывучэнне эфектыўнасці работы турыстычных фірмаў і арганізацый краін, якія прадстаўлены ў праекце. Віцебская ВНУ ўжо атрымала партыю вучэбнай і навуковай літаратуры па арганізацыі і планаванні турызму, камп'ютары, аўдыё- і відэатэхніку. Усяго ўніверсітэту будзе прадастаўлена абсталяванне, неабходнае для навучання студэнтаў у сферы турызму, на суму 35 тыс. еўра. Праект "Мадэрнізацыя і ўкараненне бізнес-адукацыйных праграм для падрыхтоўкі спецыялістаў у турыстычнай індустрыі Рэспублікі Беларусь" разлічаны да канца 2011 года.-0-