Віцебскі дзяржуніверсітэт у 2009 годзе пачне падрыхтоўку спецыялістаў для турыстычнай сферы
25 красавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. Машэрава ў новым навучальным годзе пачне падрыхтоўку спецыялістаў для турыстычнай сферы паслуг, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік дэкана біялагічнага факультэта ўніверсітэта Сяргей Курдзін.
Навучанне студэнтаў па новай спецыяльнасці "геаграфія" пачнецца на біялагічным факультэце ВНУ. Гэта абумоўлена высокім попытам на кваліфікаваных спецыялістаў-географаў у навуковых і педагагічных установах, адзначыў Сяргей Курдзін. Акрамя таго, плануецца ўвядзенне спецыялізацыі "геаграфія турызму і экскурсійны менеджмент" з улікам узрастаючага попыту на турыстычныя паслугі, які ў сваю чаргу абумоўлівае попыт на высокакласныя кадры ў галіне арганізацыі турызму і турыстычнага бізнесу. Патэнцыял віцебскай ВНУ дазваляе рыхтаваць спецыялістаў, здольных якасна выконваць усе гэтыя задачы, упэўнены намеснік дэкана.
У наступным навучальным годзе ўніверсітэт плануе па новай спецыяльнасці набраць адну групу - каля 30 чалавек. Акрамя тэарэтычнай падрыхтоўкі, студэнты атрымаюць практычныя навыкі па асноўных геаграфічных дысцыплінах, арганізацыі і тэхніцы турызму, інфармацыйных тэхналогіях у турызме. Для паступлення неабходна будзе прайсці цэнтралізаванае тэсціраванне па трох прадметах: геаграфіі, матэматыцы і мове (рускай або беларускай).
Маніторынг рынку працы, праведзены супрацоўнікамі ўніверсітэта, паказаў наяўнасць значнага попыту на спецыялістаў гэтага профілю. Патрэбнасць у іх адчуваюць як прадпрыемствы турыстычнай сферы, так і прыродаахоўныя арганізацыі. У перспектыве пры неабходнасці набор па гэтай спецыяльнасці можа быць павялічаны.-0-