Віцебскі дзяржуніверсітэт у 2010 годзе сертыфікуе сістэму менеджменту якасці ВНУ па стандарце ISO 9001
21 студзеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.Машэрава плануе ў 2010 годзе сертыфікаваць сістэму менеджменту якасці ВНУ на адпаведнасць патрабаванням стандарту ISO 9001. Аб гэтым сёння карэспандэнту БЕЛТА паведаміў рэктар універсітэта Аляксандр Саладкоў перад сходам, падчас якога ўпершыню адбылася цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў ганаровага звання "Чалавек года ВНУ" і "Лепшая кафедра ВНУ".
Як адзначыў рэктар, у абвешчаным Годам якасці 2010 годзе ўніверсітэт мае намер рэалізаваць комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на ўдасканаленне якасці вучэбнага працэсу, навукова-даследчай дзейнасці і выхавання будучых спецыялістаў. Вынікам гэтай работы павінна стаць сертыфікацыя распрацаванай і ўкаранёнай у ВНУ сістэмы менеджменту якасці на адпаведнасць патрабаванням стандарту ISO 9001, што дазволіць ВНУ павысіць канкурэнтаздольнасць на рынку адукацыйных паслуг.
Выпускнікамі ВНУ дзённай формы навучання ў 2009 годзе сталі амаль 1 тысяча маладых спецыялістаў. Супрацоўнікі ўніверсітэта падрыхтавалі 1,8 тыс. навуковых работ, у тым ліку амаль 270 вучэбных дапаможнікаў і каля 640 навуковых артыкулаў, атрымалі 4 патэнта і 8 станоўчых рашэнняў па заяўках на вынаходствы. Укаранёна 38 навуковых распрацовак спецыялістаў ВНУ, у тым ліку 15 - у розных галінах народнай гаспадаркі. Званні "прафесар" і "дацэнт" прысуджаны 7 супрацоўнікам, 7 вучоных абаранілі кандыдацкія дысертацыі, выконваюцца на розных этапах яшчэ амаль 120 кандыдацкіх і 50 доктарскіх дысертацый.
На дзённай форме навучання адкрыты тры новыя спецыяльнасці, упершыню быў арганізаваны спецкурс "Методыка выкладання рускай мовы як замежнай" для замежных студэнтаў і магістрантаў. На базе кафедраў ВНУ створана 6 вучэбна-навукова-вытворчых комплексаў, 3 вучэбна-навукова-кансультацыйных цэнтра і навукова-інфармацыйна-метадычны цэнтр "Актуальныя праблемы сацыяльнай дапамогі і падтрымкі грамадзян (сем'яў) ва ўмовах цяжкай жыццёвай сітуацыі". Два праекты ўніверсітэта атрымалі гранты ў конкурсе праектаў па міжнароднай праграме Tempus. Дагавор аб супрацоўніцтве падпісаны з Хух-Хтоскім прафесійным інстытутам (КНР).
Па выніках 2009 года за вялікі ўклад у вучэбна-метадычную, навуковую і выхаваўчую работу званне "Чалавек года ВНУ" прысвоена старэйшаму выкладчыку кафедры агульнай фізікі і астраноміі Уладзіміру Голубеву, чыім імем названы астэроід, уключаны ў міжнародны каталог малых планет пад нумарам 216897 Golubev. Лепшай гуманітарнай кафедрай прызнана кафедра агульнага і рускага мовазнаўства, а лепшай прыродазнаўчай - кафедра геаграфіі. Акрамя таго, два супрацоўнікі ВНУ ўзнагароджаны знакам Мінадукацыі "Выдатнік адукацыі", яшчэ 40 спецыялістаў заахвочаны граматамі міністэрства, ВАК, аблвыканкама, гарвыканкама і ўніверсітэта.-0-