Віцебскі дзяржуніверсітэт выступіць каардынатарам ВНУ Расіі і Беларусі ў міжрэгіянальным конкурсе навуковых даследаванняў
17 чэрвеня, Віцебск /Сяргей Качатоў - БЕЛТА/. Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.Машэрава (УВА) выступіць каардынатарам ВНУ Расіі і Беларусі для ўдзелу ў беларуска-расійскім міжрэгіянальным конкурсе на правядзенне фундаментальных даследаванняў. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў начальнік навукова-даследчага сектара віцебскага ВНУ Аляксандр Галкін.
Сумесны конкурс у прымежных абласцях дзвюх краін быў аб'яўлены ўпершыню ў гэтым годзе Беларускім рэспубліканскім фондам фундаментальных даследаванняў (БРФФД) і Расійскім гуманітарным навуковым фондам (РГНФ). На конкурс прымаюцца навуковыя праекты фундаментальных даследаванняў па прыярытэтным для Беларусі і Расіі навуковых праблемах грамадска-гуманітарнага і эканамічнага профілю. Абавязковай умовай конкурсу з'яўляецца выкананне праектаў сумеснымі навуковымі калектывамі беларускіх і расійскіх вучоных.
Для ўдзелу ў конкурсе ВНУ Віцебскай, Магілёўскай, Смаленскай і Пскоўскай абласцей усклалі на УВА ролю галоўнай арганізацыі па падрыхтоўцы заявак. Спецыялістам віцебскага ВНУ трэба будзе каардынаваць працу зацікаўленых бакоў у фарміраванні супольных рабочых груп для падрыхтоўкі навуковых праектаў, аказваць садзейнічанне па прыцягненні да ўдзелу ў конкурсе навуковых устаноў і арганізацый прымежных абласцей, вырашаць арганізацыйныя пытанні. У Віцебску будуць праходзіць усе рабочыя нарады прадстаўнікоў ВНУ.
Тэматыка будучых праектаў будзе датычыцца такіх напрамкаў гуманітарных навук, як гісторыя, археалогія, этнаграфія, філасофія, філалогія, мастацтвазнаўства, педагогіка, сацыяльныя праблемы медыцыны і экалогіі чалавека, правазнаўства і эканоміка. Па папярэдніх дадзеных, вучоныя ВНУ выпрацавалі прапановы ўжо па больш чым 10 навуковых праектах і вызначылі склад супольных навуковых калектываў. Акрамя таго, прапрацоўваецца магчымасць правядзення супольных даследаванняў яшчэ па больш чым 30 праектах, якія таксама могуць быць прадстаўлены на конкурс, дадаў Аляксандр Галкін.
Зацікаўленасць у навуковым супрацоўніцтве праявілі Смаленскі дзяржаўны ўніверсітэт, Смаленская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія, Смаленскі гуманітарны ўніверсітэт, Пскоўскі дзяржаўны політэхнічны інстытут, а таксама ВНУ Віцебска, Полацка і Магілёва.-0-