Віцебскі і аргенцінскі медуніверсітэты будуць развіваць супрацоўніцтва па ўсіх аспектах медыцыны

3 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт і аргенцінскі медыцынскі ўніверсітэт Маймонідэс маюць намер актыўна развіваць узаемныя кантакты па ўсіх напрамках медыцынскай дзейнасці. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, рэктар віцебскай ВНУ Валерый Дейкало перад адкрыццём V Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Медыцынская адукацыя XXI стагоддзя", якая праходзіць у Віцебску. Дэлегацыя аднаго з найбуйнейшых і найпрэстыжнейшых медыцынскіх ВНУ Аргенціны ўпершыню прымае ўдзел у традыцыйным навуковым форуме ў Віцебску. Партнёрства дзвюх ВНУ выйшла на якасна новы ўзровень пасля падпісання летам 2009 года пагаднення аб супрацоўніцтве. "Мы з нашымі аргенцінскімі калегамі праяўляем значную цікавасць да ўзаемадзеяння па розных аспектах медыцыны, у тым ліку да абмену вопытам па напрацоўках у арганізацыі вучэбнага працэсу, наладжванні інфармацыйнага абмену па навуковых распрацоўках", - сказаў Валерый Дейкало. Акрамя таго, віцебскі і аргенцінскі медуніверсітэты маюць намер арганізоўваць стажыроўкі студэнтаў і выкладчыкаў на базе ВНУ дзвюх краін. У юбілейнай канферэнцыі "Медыцынская адукацыя XXI стагоддзя" прымаюць удзел больш за 100 навукоўцаў і спецыялістаў з навуковых і навучальных устаноў Расіі, Украіны, Германіі, Балгарыі, Польшчы, Казахстана, Малдовы, Грузіі, Аргенціны, а таксама вядучых адукацыйных устаноў Беларусі. У ходзе двухдзённага навуковага форуму будуць абмяркоўвацца праблемныя пытанні і перспектывы развіцця медыцынскай і фармацэўтычнай адукацыі на сучасным этапе, павышэння тэхналагічных кампетэнцый медыцынскіх спецыялістаў. Вядучыя спецыялісты прадставяць свой погляд на інавацыйную дзейнасць у медыцынскай адукацыі, кіраванне якасцю адукацыйнага працэсу, гуманізацыю і гуманітарызацыю адукацыі. Акрамя таго, сёння ў віцебскім медуніверсітэце паралельна пачалі працаваць яшчэ два навуковыя форумы - навукова-практычная канферэнцыя кіраўнікоў анатамічных кафедраў і інстытутаў ВНУ краін СНД і Усходняй Еўропы "Навуковая арганізацыя дзейнасці анатамічных кафедраў у сучасных умовах" і XI Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя па гісторыі медыцыны і фармацыі. Усе мерапрыемствы прысвечаны 75-годдзю віцебскай ВНУ. Першы дзень працы канферэнцый завершыцца урачыстым пасяджэннем савета ВНУ, на якое запрошаны шматлікія замежныя дэлегацыі. Арганізатарамі навукова-практычных канферэнцый выступаюць Міністэрства аховы здароўя Беларусі і Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт.-0-