Віцебскі і даўгаўпілскі арт-цэнтры падпішуць пагадненне аб супрацоўніцтве
14 лістапада ў Віцебску адкрываюцца Дні Латвіі. Акрамя традыцыйных канцэртаў і выстаў, сёлета ў іх праграме значыцца яшчэ адна важная падзея — падпісанне партнёрскага пагаднення паміж Віцебскім арт-цэнтрам Марка Шагала і Даўгаўпілскім арт-цэнтрам Марка Ротка.
Кіраўніца консульства Латвійскай Рэспублікі ў Віцебску Дагнія Лацэ-Атэ лічыць, што дакумент створыць юрыдычную базу для больш актыўнага культурнага супрацоўніцтва, а таксама дапаможа вырашыць шматлікія арганізацыйныя праблемы, якія ўзнікаюць у гэтай сферы.
Згодна з ёй і Людміла Хмяльніцкая, дырэктар Віцебскага музея Марка Шагала:
— Ужо ў наступным годзе з даўгаўпілскімі калегамі мы абмяняемся выставамі. З іншага боку, у арт-цэнтры Марка Ротка бывае шмат турыстаў з Еўропы і ЗША. Мы хочам, каб з Латвіі яны завітвалі і да нас у Віцебск. У сваю чаргу расіянам, якія наведваюць музей і арт-цэнтр Шагала, мы прапануем адправіцца ў Даўгаўпілс.
Сяргей Голеснік, "Савецкая Беларусь"