Віцебскі камбінат шаўковых тканін павялічыў экспарт у студзені-красавіку на 23,8% да $2,6 млн.
30 мая, Мінск /Таццяна Чумакова - БЕЛТА/. ААТ "Віцебскі камбінат шаўковых тканін" у студзені-красавіку бягучага года павялічыў экспарт у параўнанні з аналагічным перыядам 2009-га на 23,8% да $2,6 млн., паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на прадпрыемстве.
Рост адбыўся за кошт павелічэння паставак у Расію і змяншэння ўплыву наступстваў сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу, адзначылі ў ААТ. У маі прадпрыемства зрабіла пробную пастаўку сваёй прадукцыі ва Украіну. У гэту краіну адправіліся тканіны з экраніруючым эфектам, якія абараняюць ад электрамагнітнага выпраменьвання. Сярод беларускіх прадпрыемстваў такія тканіны закупляюць баранавіцкая "Бараўчанка", гомельскі "Камінтэрн", Навагрудская швейная фабрыка, бабруйская "Славянка".
Першая пробная пастаўка прадукцыі ААТ у Арменію запланавана на чэрвень. Туды адправяцца віскозныя падкладачныя тканіны для пашыву адзення сілавым структурам, падзяліліся планамі на віцебскім камбінаце. У цэлым доля экспарту прадпрыемства ад аб'ёму рэалізуемай прадукцыі складае да 70%. У цяперашні час пастаянныя пастаўкі віцебскі камбінат робіць толькі ў Расію. Больш за ўсё прадукцыі адгружаецца на тэрыторыю Цэнтральнай федэральнай акругі РФ.
На прадпрыемстве рэгулярна праводзіцца тэхперааснашчэнне. У прыватнасці, у гэтым годзе віцебскае ААТ плануе набыць з дзясятак новых ткацкіх станкоў больш чым на 1 млн. еўра. У канцы мінулага года на камбінаце было ўведзена ў строй абсталяванне па афарбоўцы тканін для спецадзення. Да гэтага афарбоўка такіх тканін ажыццяўлялася ў Расіі.
У студзені-красавіку бягучага года прадпрыемства выпусціла таварнай прадукцыі ў супастаўных цэнах на Br9,5 млрд. з тэмпам росту да аналагічнага перыяду 2009-га 114%. Спажывецкіх тавараў выраблена больш чым на Br2 млрд. (104,5%). Запасы гатовай прадукцыі на 1 мая склалі 146,5% да сярэднямесячнага аб'ёму выпуску.
Прадпрыемства заснавана ў 1955 годзе. Выпускае падкладачныя, плашчовыя, карсетныя, тэхнічныя тканіны, а таксама сарочачныя, дэкаратыўныя і з экраніруючым эфектам. Для вырабу прадукцыі камбінат выкарыстоўвае поліэфірныя, поліамідныя, віскозныя ніткі, баваўняную пражу і інш. У 2010 годзе асартымент камбіната абновіцца прыкладна на 30%. Прадпрыемства ўваходзіць у склад канцэрна "Беллегпрам". Тут працуюць каля 270 чалавек.-0-