Віцебскі камбінат хлебапрадуктаў у 2010 годзе інвестуе ў асноўны капітал каля Br7 млрд.
3 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. ААТ "Віцебскі камбінат хлебапрадуктаў" у 2010 годзе інвестуе ў асноўны капітал каля Br7 млрд., паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Уладзімір Навічонак.
Рэалізаваць асноўную частку праектаў плануецца ў першым паўгоддзі. У прыватнасці, у лютым трэба ўвесці ў эксплуатацыю лінію фасоўкі мукі ў папяровыя пакеты магутнасцю 400 т у змену, а на сакавік намечаны запуск новай лініі па вытворчасці мучных паўфабрыкатаў для выпечкі аладак, кексаў, бліноў.
Мадэрнізацыя закране і камбікормавы цэх прадпрыемства. Тут плануецца ўсталяваць драбнільнае абсталяванне, змяшальнік, лінію фінішнага напылення алею і 38 ёмістасцей на 1,4 тыс.т для захоўвання гатовай прадукцыі. Тэхнічнае пераўзбраенне гэтага ўчастка акрамя паляпшэння якасці выпускаемых камбікармоў дазволіць павялічыць вытворчасць амаль у два разы (да 20 тыс.т).
У трэцім квартале галоўным інвестпраектам стане аўтаматызацыя млына, у выніку чаго павысіцца эфектыўнасць працы. Усе даныя аб рабоце абсталявання будуць выводзіцца на камп'ютар, што дазволіць цалкам кантраляваць працоўны працэс і паменшыць колькасць занятых у цэху работнікаў. Сем чалавек будуць пераведзены на іншыя вытворчыя ўчасткі.
У 2009 годзе прадпрыемства выпусціла прадукцыі на Br95,6 млрд., што склала 120% да ўзроўню 2008 года. Рэнтабельнасць рэалізацыі - 4,5%. Экспартавана 1,1 тыс.т мукі, што ў натуральным выражэнні на 17,8% больш, чым у папярэдні год. Аб'ём інвестыцый склаў Br1,8 млрд. Паказчык па энергазберажэнні - мінус 21% пры заданні мінус 12%.
Прадпрыемства заснавана ў 1953 годзе. Акцыянавана ў 1997-м. Спецыялізуецца на вытворчасці мукі, круп, камбікармоў. Асартымент прадукцыі налічвае звыш 40 найменняў. Сярэдне-спісачная колькасць працуючых больш за 500 чалавек.-0-