Віцебскі камбінат хлебапрадуктаў у красавіку ўвядзе ў эксплуатацыю новую фасовачную лінію
15 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. ААТ "Віцебскі камбінат хлебапрадуктаў" у красавіку ўвядзе ў эксплуатацыю новую фасовачную лінію, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Уладзімір Навічанок.
Новае расійскае абсталяванне коштам Br485 млн. прызначанае для фасоўкі мукі ў папяровыя пакеты. Яго магутнасць складае 400 т прадукцыі ў змену. У цяперашні час вядзецца яго наладка расійскімі спецыялістамі. Запуск у эксплуатацыю лініі плануецца ажыццявіць у красавіку.
У маі прадпрыемству трэба будзе прыступіць да рэалізацыі завяршальнага этапу яшчэ аднаго інвестыцыйнага праекта па ўстаноўцы лініі па вытворчасці мучных паўфабрыкатаў. Расійскае абсталяванне ўжо атрымана. Яго мантаж і наладка пачнуцца адразу пасля запуску фасовачнай лініі. Новае абсталяванне прызначанае для выпуску мучных сумесяў для выпякання печыва, кексаў, аладкаў, бліноў. Усяго на ім плануецца вырабляць каля 40 рэцэптур паўфабрыкатаў. Кошт лініі складае звыш Br300 млн.
За студзень-люты Віцебскі камбінат хлебапрадуктаў выпусціў прадукцыі на Br14,5 млрд., што на 19,9% вышэй за аналагічны ўзровень мінулага года. Прадукцыйнасць працы за гэты перыяд склала 118,7% да студзеня-лютага 2009 года. Рэнтабельнасць рэалізацыі за студзень - 4,3%. Усяго ў 2010 годзе камбінат плануе інвеставаць у асноўны капітал каля Br7 млрд.
Прадпрыемства заснавана ў 1953 годзе. Акцыянавана ў 1997-м. Спецыялізуецца на вытворчасці мукі, круп, камбікармоў. Асартымент прадукцыі налічвае звыш 40 найменняў. Сярэдне-спісачная колькасць працаўнікоў складае больш за 500 чалавек.-0-