Віцебскі камбінат хлебапрадуктаў у другім паўгоддзі пачне выпускаць мучныя паўфабрыкаты
19 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. ААТ "Віцебскі камбінат хлебапрадуктаў" у другім паўгоддзі прыступіць да выпуску мучных паўфабрыкатаў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Уладзімір Навічанок.
Для вытворчасці новага віду прадукцыі прадпрыемства закупіла расійскае абсталяванне коштам звыш Br300 млн. На ім будуць выпускацца мучныя сумесі для выпечкі печыва, кексаў, аладкі, бліноў. Усяго плануецца вырабляць каля 10 рэцэптур паўфабрыкатаў. Абсталяванне ўжо атрымана. Яго мантаж пачнецца ў чэрвені адразу пасля ўводу ў эксплуатацыю новай фасовачнай лініі, наладка якой цяпер вядзецца, удакладніў кіраўнік.
За студзень-красавік Віцебскі камбінат хлебапрадуктаў выпусціў прадукцыі на Br30,4 млрд., што на 13,4% больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Рэнтабельнасць рэалізацыі склала 4,3%, прадукцыйнасць працы ўзрасла на 8,2%. Інвестыцыі за чатыры месяцы склалі Br509 млн. Усяго ў 2010 годзе камбінат плануе накіраваць у асноўны капітал каля Br7 млрд.
Прадпрыемства заснавана ў 1953 годзе, акцыянавана ў 1997-м. Спецыялізуецца на вытворчасці мукі, круп, камбікармоў. Асартымент налічвае звыш 40 найменняў. Сярэдне-спісачная колькасць працаўнікоў - больш за 500 чалавек. -0-