Віцебскі канцэрн "Мяса-малочныя прадукты" адкрыў пастаянны кірмаш для малога бізнэсу
1 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Віцебскі канцэрн "Мяса-малочныя прадукты" арганізаваў для індывідуальных прадпрымальнікаў, малога і сярэдняга бізнесу пастаянна дзеючую выставу-кірмаш прадукцыі сваіх прадпрыемстваў, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела маркетынгу канцэрна Жанна Мартынава.
У дэманстрацыйным зале патэнцыйныя пакупнікі могуць азнаёміцца з відамі прадукцыі, якую выпускаюць восем малочных прадпрыемстваў, што ўваходзяць у склад канцэрна. Тут жа прадстаўлены прайс-лісты, каталогі. Самую новую інфармацыю можна даведацца на афіцыйным сайце канцэрна, доступ да якога арганізаваны прама на выставе-кірмашы. На выставе можна заключыць дагаворы на пастаўку прадукцыі, якая спадабалася.
З чатырох мясакамбінатаў канцэрна з суб'ектамі прыватнага бізнесу супрацоўнічаюць Віцебскі мясакамбінат і Аршанскі мясакансервавы камбінат. Яны арганізавалі тры аптовых магазіна, дзе рэалізуюць сваю прадукцыю з мінімальнай нацэнкай - усяго 1%.
Па дадзеных канцэрна, на 1 верасня з улікам аплачаных кантрактаў запасы гатовай прадукцыі складалі Br80,3 млрд. На нарматыўны ўзровень рэшткаў выйшлі 9 прадпрыемстваў з 12. У агульным аб'ёме рэалізацыі каля 19% мяса-малочных вырабаў рэалізуецца малому бізнесу і індывідуальным прадпрымальнікам.
Як адзначыў начальнік упраўлення развіцця прадпрымальніцтва і спажывецкага рынку Віцебскага аблвыканкама Валянцін Цветкаў, для прыцягнення прыватнага бізнесу да рэалізацыі тавараў айчынных вытворцаў у Віцебску па панядзелках пачала працаваць штотыднёвая дробнааптовая выстава-кірмаш. На ўдзел у першай выставе адгукнуліся 36 прадпрыемстваў рэгіёну.-0-